Ад прыватнікаў патрабуюць завесці ідэолага ў штаце — распыталі, што робяць кампаніі
Ідэолаг на дзяржаўных прадпрыемствах — даўно не навінка. А вось у многіх прыватнікаў лісты шчасця ад дзяржаўных органаў з патрабаваннем завесці ў штаце ідэолага выклікаюць здзіўленне — такая практыка пачалася з мінулага года.
Так, указанне наняць у штат ідэолага нядаўна прыйшло ў архітэктурную студыю ZROBIM architects, чым падзяліўся ў сацсетках адзін з сузаснавальнікаў Андрусь Бездар. Колькасць удзельнікаў каманды бюро — больш за 60 чалавек.
Галоўны ідэолаг Беларусі, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў выступае перад студэнтамі. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: vitebskspring.org
Падобны ліст прыйшоў і на прыватнае прадпрыемства, якое займаецца лекамі — пра гэта распавёў адзін з былых супрацоўнікаў.
«Нам прыйшоў загад ад Міністэрства аховы здароўя аб тэрміновым стварэнні прафсаюзнай ячэйкі. Усіх сабралі ў адным пакоі, зачытала той ліст жанчына з аддзела кадраў. Ну, давайце галасаваць. Усе тады прагаласавалі супраць, і мы разышліся».
Наступны ліст у кампанію прыйшоў праз месяцы два. Яго тон быў больш строгім.
«Там ужо настойліва раілася стварыць ячэйку для магчымасці працаваць далей. Мы зноў сабраліся, прагаласавалі — і зноў усе былі супраць».
Помстай за гэта стала рэкамендаваная ўласніку змена дырэктара і звальненні людзей, якіх раней затрымлівалі па палітычных артыкулах.
«Замест старога галоўнага інжынера прыйшоў «які трэба» дзядзька. Ён стаў і ідэолагам. Само сабой, і прафсаюз стварылі — ужо без усялякіх галасаванняў», — расказвае суразмоўца.
Яшчэ адзін супрацоўнік прыватнай кампаніі са сферы будаўніцтва распавёў, што ў лютым ім прыйшоў ліст з «просьбай» адсправаздачыцца пра наяўнасць ідэолага ў штаце.
«Гэта было дзіўна, бо нібыта мы самі павінны былі адчуць патрэбу ў такім спецыялісце, а ў нас як бы ўсе людзі рабочыя, працуюць фізічна (акрамя юрыста і бухгалтаркі). Калі зусім прыціснуць, то як кіраўнік я вазьму абавязкі ідэолага на сябе. Але на асобную адзінку, тым больш такую дармаедскую, у нас дакладна грошай лішніх няма. А дырэктару можна «спалучаць». Таксама ідэолагам могуць быць намеснікі ці чалавек з аддзела кадраў, як нам растлумачылі. Але ж я потым буду вымушаны нешта расказваць пра выкананую працу…» — у разгубленасці мужчына.
Дадаткова на прыватных прадпрыемствах працягваюць актыўна праводзіцца адзіныя дні інфармавання, дзе да работнікаў даносяць ідэалагічна правільную палітінфармацыю — найперш пра Лукашэнку і поспехі яго палітыкі.
Падчас рэспубліканскай нарады па ідэалогіі. Фота: Таццяна Матусевіч, БелТА.
Усё гэта — лукашэнкаўская дырэктыва №12 ад 9 красавіка 2025 года «Пра рэалізацыю асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы» ў дзеянні. У тым жа 2025‑м першы намеснік адміністрацыі Уладзімір Пярцоў падкрэсліваў, што ідэалагічная праца мусіць распаўсюджвацца на ўсіх суб'ектаў гаспадаркі, незалежна ад формы ўласнасці.
«Прадстаўнікі прыватнага сектара таксама павінны ўлівацца ў ідэалагічную працу. Там павінны быць створаныя як мінімум прафсаюзныя арганізацыі ці ячэйкі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. Гэта нашы грамадзяне, і яны не павінны быць абмежаваныя ў гэтых правах», — даводзіў ён на нарадзе.
Чытайце таксама:
Былыя міліцыянты, настаўнікі, гадаванцы БРСМ. Каго ставяць ідэолагамі ў выканкамах
«Без іх рашэння не возьмуць нават у санітаркі». У бальніцах цяпер ёсць свае ідэолагі
Ад амаль 6000 да 270 рублёў. Колькі зарабляюць лукашэнкаўскія ідэолагі?