У Мінску адкрыецца незвычайная ўстанова для жанчын
Яшчэ да адкрыцця яна нарабіла шуму ў сацсетках.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com
Нагодай для хайпу стаў не блогерскі агляд, скандал ці няўдалы жарт СММ, як гэта звычайна бывае, а сам па сабе анонс адкрыцця, які нават не змяшчае падрабязнасцяў пра новае месца. Яго ў сацсетках 8 сакавіка выклала блогерка і прадпрымальніца Цямчыта (Аляксандра Цямчык), распавядае Onliner.
— Дамы, са святам! Мой падарунак для вас у гэты цудоўны дзень. Хутка мы адчынім дзверы «Жаночай піўной», — напісала яна, паказаўшы барную стойку з назвай. Інтэрнэту гэтага хапіла.
Многія дзяўчаты горача падтрымалі канцэпцыю і напісалі, што з цікавасцю чакаюць адкрыцця. Некаторыя адзначылі, што спадзяюцца на бяспечную і камфортную атмасферу для жанчын.
Ролік пра піўную даляцеў і да жыхарак іншых краін — яны жартуюць, што ўжо купляюць білеты ў Беларусь. «Калі там будзе сала і скумбрыя, я там наогул жыць застануся», — ёсць і такія заявы.
Адразу ж узнікла і лагічнае пытанне: ці будуць у «Жаночую піўную» пускаць мужчын? Сама Цямчыта гэты момант ніяк не каментавала, аднак падобныя абмежаванні наўрад ці магчымыя з чыста заканадаўчага пункту гледжання.
Мужчыны ў сацсетках, да слова, прынялі ідэю такой піўной хутчэй са скепсісам. Адны лічаць, што не «выстраліць» сам фармат і ўстанова хутка закрыецца, іншыя ў прынцыпе называюць дзяўчат, якія п’юць піва, «рэдсцягамі».
— Фан-факт: гадасці пра жаночую піўную, тыпу «закрыюцца праз месяц» і «бабы не ўмеюць піць», пішуць толькі мужчыны. Ім, як заўсёды, лепш бачна. На другім месцы па папулярнасці — мізагінныя жанчыны, — выказалася наконт каментарыяў сама Цямчыта.
У асобным роліку пра ажыятаж вакол піўной, якая яшчэ не адчынілася, Аляксандра таксама заявіла, што не баіцца правалу задумкі. «Ой, ды такія праекты ўжо былі, і яны ўжо закрываліся…» Гэта былі не мае праекты — гэта па-першае. Па-другое — яны былі не жаночай піўной, не было яшчэ жаночай піўной, і ўжо дакладна не было маёй жаночай піўной», — заявіла блогерка.