БЕЛ Ł РУС

Англійскі ліс паўтарыў подзвіг янота Сені і цяпер асвойваецца ў Амерыцы

12.03.2026 / 21:16

Nashaniva.com

Ліс з Вялікабрытаніі патаемна пракраўся на грузавое судна, якое перавозіла аўтамабілі, і здзейсніў на ім падарожжа з англійскага Саўтгемптана ў Нью-Ёрк. Па інфармацыі The Guardian, у бруклінскім заапарку Bronx Zoo, дзе цяпер знаходзіцца ліс, адзначылі, што пасля першага агляду ён выглядае здаровым.

Фота: AP

Пакуль невядома, як самец звычайнага ліса трапіў на судна і здолеў пераадолець каля 3400 міль да ўсходняга ўзбярэжжа ЗША.

Судна пакінула Саўтгемптан 4 лютага і прыбыло ў порт Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі 18 лютага. Там супрацоўнікі порта заўважылі «хітрага безбілетніка». Спецыялісты па сельскай гаспадарцы ўжо на наступны дзень арганізавалі перавозку ліса ў новы дом — заапарк Bronx Zoo.

Лісу прыкладна два гады, яго вага каля 5 кг.

«Выглядае, што ён добра асвойваецца. Ён шмат перажыў», — адзначыў дырэктар праграм па працы з жывёламі заапарка Кейт Ловет. Пасля дадатковых медыцынскіх аглядаў будзе вызначана пастаяннае месца пражывання жывёліны.

У ветэрынарным цэнтры заапарка ліс атрымлівае разнастайны рацыён: садавіну, гародніну, бялковыя прадукты і спецыяльны корм у выглядзе печыва.

Зусім нядаўна падобная гісторыя адбылася з амерыканскім янотам, які прыплыў у кантэйнеры з аўтамабілямі з ЗША ў Беларусь і цяпер асвойваецца ў парку жывёл «Дыпрыз» пад Баранавічамі. Спачатку думалі, што гэта самец і назвалі Сенем, але ў выніку аказалася, што самка.

Чытайце таксама:

Янот Сеня, які прыехаў нелегалам з Амерыкі, аказаўся самкай

Янота Сеню ў баранавіцкім парку прывучаюць да правільнага харчавання

Амерыканскаму яноту-нелегалу выдалі беларускі пашпарт

Як яноту, які прыплыў да нас з ЗША, удалося месяц выжыць у машыне без ежы?

Каментары да артыкула