БЕЛ Ł РУС

Частку амерыканскіх СПА перамясцілі з Еўропы на Блізкі Усход

12.03.2026 / 23:10

Nashaniva.com

Некаторыя амерыканскія сістэмы супрацьпаветранай абароны былі перакінутыя з Еўропы на Блізкі Усход з-за вайсковага канфлікту ЗША і Ізраіля з Іранам. Пра гэта паведаміў амерыканскім заканадаўцам камандуючы аб’яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч.

Амерыканскія зенітна-ракетныя комплексы Patriot. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Mindaugas Kulbis / AP

Падчас слуханняў у камітэце Сената ЗША па ўзброеных сілах генерал Грынкевіч растлумачыў, што частку сістэм супрацьпаветранай абароны, якія знаходзіліся ў зоне адказнасці Еўрапейскага камандавання ЗША, выкарысталі для абароны саюзнікаў НАТА ва ўсходняй частцы Міжземнага мора. Адказваючы на пытанне сенатара Ангуса Кінга, ці сапраўды гэтыя сістэмы былі перамешчаныя з Еўропы на Блізкі Усход, генерал гэта пацвердзіў.

Раней Міністэрства абароны Турцыі паведамляла, што сілы НАТА збілі балістычную ракету, якая была запушчаная з тэрыторыі Ірана і рухалася ў бок турэцкай паветранай прасторы. Іран адмаўляў, што запускаў ракеты ў напрамку Турцыі. Праз некалькі дзён турэцкае вайсковае ведамства паведаміла яшчэ пра адзін падобны выпадак, калі ракета таксама была знішчана.

Сумесная аперацыя ЗША і Ізраіля супраць Ірана працягваецца з 28 лютага. Падчас удараў па Тэгеране загінуў 86‑гадовы вярхоўны лідар краіны аятала Алі Хаменеі, а таксама былі ліквідаваныя некаторыя іншыя іранскія высокапастаўленыя чыноўнікі.

У адказ Іран нанёс удары па Ізраілі і выпусціў сотні ракет і беспілотнікаў па краінах Персідскага заліва. У выніку атак былі пашкоджаныя амерыканскія вайсковыя базы, дыпламатычныя прадстаўніцтвы і нафтавыя аб’екты.

Чытайце таксама:

Маджтаба Хаменеі выступіў з першым зваротам у якасці вярхоўнага лідара Ірана. Яго пачулі, але не пабачылі 

У ЗША знік генерал, які кіраваў сакрэтнымі праграмамі Пентагона

Расія папярэджвала Алі Хаменеі пра ўдар, але той нібыта абраў пакутніцкую смерць

Ізраіль заявіў пра ўдар па ядзерным цэнтры пад Тэгеранам

Каментары да артыкула