БЕЛ Ł РУС

Майстра па дрэве і шматдзетнага бацьку з Бабруйска асудзілі за рэабілітацыю нацызму

13.03.2026 / 13:31

Nashaniva.com

Вячаслаў Міхалап з Бабруйска займаецца аздабленнем драўляных дамоў і мае свой невялікі бізнэс. У жніўні мінулага года яго арыштавалі. Пасля мужчыну пасадзілі ў СІЗА і асудзілі за рэабілітацыю нацызму.

Вячаслаў Міхалап на працы. Фота з ягонага інстаграма

Вячаславу Міхалапу 38 гадоў. У Бабруйску ён працаваў як індывідуальны прадпрымальнік. Яго кампанія, створаная ў 2022 годзе, спецыялізавалася на аздабленні драўляных дамоў са зруба і бруса: прафесійнай шліфоўцы, фарбаванні і герметызацыі па тэхналогіі «цёплае шво». У яго брыгадзе працуюць тры чалавекі.

У Вячаслава ёсць жонка і трое дзяцей.

У жніўні 2025‑га пра Міхалапа пісаў канал Следчага камітэта. У сюжэце яго называюць скінхэдам:

«Яшчэ з падлеткавага ўзросту мужчына праяўляў інтарэс да гісторыі неанацызму, быў уцягнуты ў субкультуру скінхэдаў і раней ужо меў судзімасць за групавое хуліганства ў дачыненні да незнаёмцаў». Сцвярджалася, што ён «прышчапляў свае погляды 7‑гадоваму сыну».

Вячаслаў раней быў удзельнікам ультраправых тэлеграм-чатаў. Пра сябе ён некалі пісаў, што з'яўляецца перакананым нацыянал-сацыялістам. У каментарах ён перыядычна вітаўся нацысцкім прывітаннем, захапляўся ультраправай музыкай, называў Адольфа Гітлера «вялікім палітыкам і лепшым з людзей».

Невядома, наколькі ён усур'ёз гэта пісаў і ці змяніў свае погляды да гэтага часу, але асудзілі яго за гэтыя паведамленні. Тэлеграм-акаўнт Вячаслава цалкам адкрыты і знайсці іх было нескладана.

Вячаслава Міхалапа судзілі ў Магілёўскім абласным судзе паводле часткі 1 артыкула 130‑1 Крымінальнага кодэкса Беларусі — рэабілітацыя нацызма.

Яму прысудзілі хімію з накіраваннем і дадалі ў «спіс экстрэмістаў». Цяпер Вячаслаў адбывае пакаранне.

«Вясна» не лічыць яго палітвязнем, на сайце Дысідэнта яго імя стаіць з пазнакай «патэнцыйны пераслед».

Чытайце таксама:

На Кацярыну Ваданосаву завялі крымінальную справу за рэабілітацыю нацызму — за фільм пра Кубэ

Губазікаўцы заявілі пра затрыманне нацыстаў-паганцаў з БЧБ-сімволікай

Беларуса, якога судзілі за рэабілітацыю нацызму, вызвалілі ў зале суда

Каментары да артыкула