БЕЛ Ł РУС

Латушка: Мельнікава тэлефанавала мне ноччу і плакала

14.03.2026 / 13:57

Nashaniva.com

Што новага можна сказаць пра знікненне Анжалікі Мельнікавай? У эфіры «Раніцы з «Белсатам» гэтыя пытанні задалі кіраўніку Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлу Латушку. Ён апраўдвае дзеянні Мельнікавай і лічыць яе пацярпелай — магчыма, выкрадзенай.

Павел Латушка расказаў, што атрымаў ад Дэпартаменту барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Нацыянальнай пракуратуры Польшчы адказ наконт таго, як прасоўваецца справа з расследаваннем знікнення Анжалікі Мельнікавай. 

Ліст змяшчае запэўніванне, што і пракуратура, і Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ажыццяўляюць усе дзеянні, неабходныя для таго, каб вызначыць, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава, і высветліць прычыны ейнага раптоўнага спынення кантактаў з блізкімі на тэрыторыі Польшчы.

«Анжаліка Мельнікава ёсць пацярпелай асобай у гэтай сітуацыі, таму нашыя дзеянні скіраваныя на тое, каб апытаць яе наконт таго, што стала прычынай ейнага выезду з тэрыторыі Польшчы і якія дзеянні ў дачыненні яе ажыццяўляліся перад ейным выездам на тэрыторыю Польшчы», — працытаваў Латушка ліст ад польскай пракуратуры.

Паводле слоў палітыка, пракуратура разглядае Анжаліку Мельнікаву як ахвяру, як пакрыўджаную асобу [пацярпелую — НН] у гэтым кантэксце і кажа, што яе прымусілі пакінуць тэрыторыю Польшчы. Гэта афіцыйная версія. Латушка адзначыў, што гэта адпавядае 130‑у артыкулу Крымінальнага кодэксу Польшчы, які апісвае сітуацыю наўмыснага гвалтоўнага пазбаўлення свабоды чалавека.

Факты ў абарону Мельнікавай

Паводле Паўла Латушкі, на сёння, каб пазбегнуць спекуляцый, трэба разумець некалькі фактаў пра дзейнасць Анжалікі Мельнікавай. Ён адзначыў, што Мельнікава была ўдзельніцай дзвюх ініцыятыў — Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і Кіберпартызанаў, а таксама займала пасаду кіраўніцы Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі.

Латушка падкрэсліў, што падчас яе кіраўніцтва Каардынацыйнай радай трэба ўлічваць ейныя публічныя дзеянні. У якасці прыкладу ён прывёў пасяджэнне, прысвечанае тэме адказнасці Аляксандра Лукашэнкі за злачынствы супраць беларускага народа і Украіны, якое праходзіла ў студзені 2025 года і было звязанае з тэмай Міжнароднага крымінальнага суду.

Паводле слоў Латушкі, гэтае пасяджэнне Каардынацыйнай рады праходзіла ў складаных умовах. За дзень да яго амерыканскі бок спыніў фінансаванне, што паставіла пад пагрозу правядзенне адкрытых слуханняў і магло прывесці да іх зрыву.

«Я памятаю, калі яна мне тэлефанавала фактычна ноччу, дзесьці каля 12-й, і проста плакала, бо яна не ведала, што рабіць, бо трэба было пацвярджаць квіткі, гатэлі, арэнду і гэтак далей. Але яна сказала: «Я заплачу сваімі грашыма». І я ведаю дакладна, што частку сродкаў на гэтае паседжанне яна выдаткоўвала са сваіх грошай. А гэтае паседжанне прыняло рэзалюцыю аб адказнасці Лукашэнкі ў тым ліку за злачынствы супраць чалавечнасці, чым займаецца зараз Міжнародны крымінальны суд. І гэтая рэзалюцыя пайшла ва ўсе еўрапейскія парламенты краін — членаў Міжнароднага крымінальнага суду», — кажа Павел Латушка. 

Выступленне на ПАРЕ

Другі факт, які згадаў палітык пра Анжаліку Мельнікаву, адбываўся падчас выступлення на Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

«Першы раз нашая дэлегацыя сядзіць на палітычным камітэце, і яна ў мяне пытаецца: «Павел Паўлавіч, ці вось тут мне ўнесці папраўку?» Там тычылася прызнання Каардынацыйнай рады. Я кажу: «Анжаліка, шчыра, не ведаю, мы першы раз удзельнічаем: ці можна зараз падняць руку і сказаць слова?». Яна не падняла руку, гэта была мая віна. Яна пабегла да дэпутатаў, якія з'яўляюцца ўжо даўно там членамі ПАРЕ, і пазней яна ўнесла гэтую папраўку, сабраўшы подпісы. І гэтая папраўка прайшла», — згадвае палітык.

Ён дадаў, што, выступаючы на пленарным пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Мельнікава заклікала не прызнаваць выбары 2025 года, прызнаць Каардынацыйную раду, Аб'яднаны пераходны кабінет і Офіс Ціханоўскай як інстытуты дэмакратычных сіл і прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. І гэта трапіла ў фінальную рэзалюцыю.

Акрамя таго, Латушка нагадаў, што Мельнікава з'яўлялася кіраўніцай фундацыі Кіберпартызанаў, а гэта арганізацыя, якая нанесла шкоду ўзброеным сілам Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Яна таксама ўваходзіла ў склад НАУ, якое займалася санкцыямі і міжнароднай адказнасцю рэжыму Лукашэнкі. Усё гэта магло выклікаць цікавасць да яе з боку спецслужбаў. 

Латушка таксама нагадаў, што Мельнікава праходзіла праверку такіх арганізацый, як BELPOL і Кіберпартызаны, а паколькі з’яўлялася грамадзянкай Польшчы, то правяралася яшчэ і польскай ABW, Міністэрствам унутраных спраў, Памежнай службай. 

«Гэта дакладныя факты. Усё іншае — спекуляцыі. Сказаць, што такое мог рабіць чалавек які працуе на спецслужбы? Можна. Але наўрад ці: зашмат шкоды было нанесена таму ж рэжыму Лукашэнкі. Магла яна трапіць у гэтую мядовую пастку? Магла. Тэарэтычна яны [спецслужбы] маглі [яе зладзіць]. У нас была інфармацыя таксама, што яе змушалі ажыццявіць крымінальныя дзеянні, скажу так, у адносінах да членаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. І яе пачалі прымушаць. І гэта магло стаць прычынай яе знікнення», — расказаў Латушка, адзначыўшы падчас размовы, што Мельнікава адмовілася ад рэалізацыі такой «прапановы» спецслужбаў. 

Павел Латушка таксама падкрэсліў, што сёння месцазнаходжанне Анжалікі Мельнікавай не ўстаноўленае. 

«Я магу сказаць непрацэсуальна тое, што я атрымаў інфармацыю, што дзеці знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Дзе яна знаходзіцца — месцазнаходжанне не ўсталяванае, і ведаю таксама непрацэсуальна, што яна не знаходзіцца з дзецьмі», — расказаў падрабязнасці палітык. 

***

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўрасаюза 26 лютага 2025 года і паляцела ў Лондан. Паводле расследавальнікаў, за дзень да вылету яна зарэзервавала нумар у пяцізоркавым гатэлі на Шры-Ланцы, дзе ўжо бывала раней. З 28 лютага да 7 сакавіка Мельнікава жыла ў тым гатэлі з дзецьмі. 7 сакавіка Мельнікава з дзецьмі паляцела ў Дубай, там яе след губляецца. 25 сакавіка яна перастала выходзіць на сувязь.

Каардынацыйная рада заяўляла, што 13 сакавіка з яе акаўнта былі спампаваныя дакументы, якія тычацца працы арганізацыі.

У тым жа месяцы, паводле звестак «Кіберпартызанаў», Мельнікава перавяла на асабісты рахунак больш за 150 тысяч даляраў са сродкаў фонду Białoruś Liberty. Вядома таксама, што перад знікненнем яна лёта­ла на Кубу і ў Шры-Ланку разам з Аляксеем Лабеевым, супрацоўнікам лукашэнкаўскіх спецслужбаў.

Чытайце таксама:

Што стала вядома пра справу Анжалікі Мельнікавай за год пасля яе знікнення

«Кіберпартызаны» раскапалі новую дэталь па справе Анжалікі Мельнікавай

Мельнікава двойчы была на паліграфе. Першы раз расплакалася і ўцякла

Каментары да артыкула