БЕЛ Ł РУС

Пашынян папрасіў звольніцца дырэктарку Інстытута генацыду армян, бо яна зрабіла палітычна няправільны падарунак віцэ-прэзідэнту ЗША

15.03.2026 / 13:47

Nashaniva.com

«Колькі чалавек у гэтай краіне маюць права фармаваць знешнюю палітыку?»

Ільхам Аліеў, Дональд Трамп і Нікол Пашынян падчас падпісання мірнай дэкларацыі ў Белым доме. Фота: Andrew Harnik/Getty Images

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян паведаміў, што паводле яго патрабавання дырэктарка Музея-інстытута Генацыду армян Эдыта Гзаян падала ў адстаўку. 

Адказваючы на пытанне журналіста аб тым, ці звязана гэта з тым, што Гзаян падарыла віцэ-прэзідэнту ЗША Джэй Дзі Вэнсу кнігу пра Карабах, прэм’ер пацвердзіў:

«Так, я папрасіў яе напісаць заяву аб адстаўцы. Я расцаніў гэты ўчынак як дзеянне, якое супярэчыць знешнепалітычнаму курсу ўрада, як правакацыю — і папрасіў напісаць заяву».

Пашынян дадаў, што правядзенне знешняй палітыкі з’яўляецца выключнай прэрагатывай урада.

«Калі прэм’ер-міністр краіны заяўляе, што Карабахскага руху не існуе — што азначае ўручэнне замежнаму госцю кнігі аб Арцахскім пытанні? Колькі чалавек у гэтай краіне маюць права фармаваць знешнюю палітыку?» — рытарычна спытаў ён.

Даследчыкі генацыду расцанілі пазіцыю ўладаў як «палітычнае ўмяшанне» — больш за два дзясяткі навукоўцаў з універсітэтаў і даследчых цэнтраў ЗША і Еўропы выступілі з заявай.

Яны адзначылі «трывожную тэндэнцыю заглушыць незалежныя акадэмічныя галасы, каб дагадзіць палітычнай мэтазгоднасці».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула