БЕЛ Ł РУС

У Маскве тэлефонныя махляры прымусілі 20‑гадовага футбаліста абакрасці прадпрымальніцу. Жанчыну ён зарэзаў

15.03.2026 / 14:11

Nashaniva.com

У Маскве адбылося жорсткае забойства 48‑гадовай Кацярыны, заснавальніцы бізнэса па навучанні нейрасеткам. Па падазрэнні ў злачынстве затрыманы 20‑гадовы Данііл Сякач, футбаліст з Кіславодска, які трапіў пад поўны ўплыў тэлефонных махляроў.

Злачынства рыхтавалася аферыстамі як шматхадовая аперацыя.

Спачатку яны апрацавалі 16‑гадовую дачку Кацярыны: прадставіліся паліцыяй і пераканалі яе адчыніць дзверы «супрацоўніку» для ператрусу. Гэтым «супрацоўнікам» і стаў 20‑гадовы Данііл, якога махляры таксама пераканалі, што ён удзельнічае ў спецзаданні, піша «База». 

Данііл прыйшоў у кватэру з цэлым арсеналам: балгаркай, ломам, кувалдай і нажом.

Пакуль ён спрабаваў ускрыць сейф, махляры загадалі дзяўчынцы выйсці на вуліцу, каб затрымаць маці і не пускаць яе дадому. Дачка сустрэла тую і ўсё ёй расказала. Жанчына кінулася ў кватэру.

Там пачалася бойка, малады чалавек патрабаваў код ад сейфа, а потым зарэзаў жанчыну нажом.

Пасля забойства хлопец балгаркай ускрыў сейф, забраў каля 2 тысяч долараў і калекцыйныя манеты часоў Кацярыны II. Паводле дадзеных СК РФ, па ўказанні куратараў ён выкінуў выкрадзенае ў акно.

І толькі на наступны дзень ашуканцы дазволілі яму сысці з кватэры і адпусціць дачку забітай.

Хлопца затрымалі. Яму прад'яўлена абвінавачанне ў забойстве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула