Паводка затапіла два масты на ўсходзе Беларусі
У Беларусі падчас вясновай паводкі пад ваду пайшлі як мінімум два аўтамабільныя масты, паведамілі ў прэс-службе МНС.
Адно падтапленне адбылося ў Лёзненскім раёне каля вёскі Кучыншчына, дзе разлілася рака Ардышоўка. Вада паднялася настолькі, што пакрыла дарожнае палатно моста прыкладна на 25 сантыметраў.
Паводле інфармацыі ратавальнікаў, небяспекі для жылых дамоў і двароў няма. У вёсцы, да якой вядзе гэты мост, жывуць толькі два чалавекі. Адзін з іх часова знаходзіцца ў сваякоў.
Цяпер да населенага пункта можна дабрацца толькі праз пешаходны падвесны мост цераз раку Лучоса. Супрацоўнікі МНС працягваюць назіраць за гідралагічнай сітуацыяй у гэтым раёне.
Падобны выпадак зафіксаваны таксама ў Мсціслаўскім раёне. Тут падтоплены нізкаводны мост праз раку Сож, а таксама ўчастак дарогі паміж вёскамі Парадзіна і Засожжа каля вёскі Парадзіна. Мост знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад яе і вядзе ў вёску Засожжа, але цяпер ён цалкам затоплены.
Паведамляецца, што ў самой вёсцы Засожжа ніхто не жыве і там няма дачных дамоў. Такія падтапленні адбываюцца амаль штогод падчас разліву Сожа, бо мост першапачаткова быў спраектаваны як нізкаводны.
Па стане на 15 сакавіка ўзровень вады над дарожным пакрыццём моста складаў каля 15—20 сантыметраў, таму праезд транспарту стаў немагчымы. З 16 сакавіка рух праз мост афіцыйна забаронены, а дарогу перакрыюць адпаведнымі дарожнымі знакамі.
Чытайце таксама:
У 16 раёнах зафіксаваныя падтапленні
Ад веснавой паводкі ўжо пацярпелі 11 раёнаў