БЕЛ Ł РУС

Былога памежніка і кіроўцу «Трансгаза» з Новалукомля асудзілі за палітыку

18.03.2026 / 11:56

Nashaniva.com

Віталя Галубоўскага кінулі за краты, меркавана, па справе Гаюна.

Віталь Галубоўскі. Фота з яго старонкі Укантакце

Віталю Галубоўскаму 49 гадоў. Мужчына родам з Нароўлі, але доўгі час жыў у Новалукомлі на Віцебшчыне. У 2010 годзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, атрымаўшы дыплом інжынера-электрыка.

Раней Віталь служыў памежнікам. Пасля больш за 15 гадоў працаваў кіроўцам аўтобуса. У апошнія гады быў кіроўцам у «Газпрам трансгаз Беларусь» — вазіў брыгаду тэлемеханікаў.

Мужчына ў разводзе, мае двух сыноў.

Напрыканцы мінулага года яго затрымлівалі і змяшчалі за краты. Віцебскі абласны суд судзіў Галубоўскага паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Па гэтым артыкуле звычайна судзяць за паведамленні ў чат маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн».

Мужчыне, найхутчэй, далі хімію з накіраваннем.

* * *

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Саму ж дзяўчыну затрымалі праз тое, што яна была вымушаная звярнуцца ў дзяржаўныя структуры, да медыкаў. У яе хлопца, які хаваўся разам з ёй, пачаліся моцныя праблемы са здароўем на фоне арышту яго бацькі.

Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбылася ўцечка інфармацыі, і абвясціў закрыццё праекта. 

Чытайце таксама:

Хакейнага заўзятара і кіроўцу асудзілі за палітыку. Падобна, што па справе Гаюна

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

Педагога-арганізатара з Гомеля, якая раней узначальвала ваенна-патрыятычны клуб, асудзілі па трох палітычных артыкулах

Каментары да артыкула