«Фінскі палітык», якога штодня цытуюць крамлёўскія і лукашысцкія СМІ, аказаўся сантэхнікам без грамадзянства Фінляндыі
У крамлёўскіх, а таксама беларускіх дзяржаўных СМІ апошнім часам практычна кожны дзень з’яўляюцца публікацыі пра тое, як на Захадзе заклікаюць прызнаць непазбежную перамогу Расіі, аднавіць з ёй эканамічныя адносіны і адмовіцца ад дапамогі Украіне. У большасці выпадкаў там пераказваюць заявы чалавека па імені Арманда Мема, якога прадстаўляюць як фінскага палітыка. Што гэта за чалавек, піша расійскае выданне The Insider.
Арманда Мема
Так, расійскае агенцтва РІА «Навіны» 12 сакавіка прысвяціла яго пасту ў Х матэрыял пад загалоўкам «На Захадзе забілі трывогу праз новыя крокі ЕС супраць Расіі», 13 сакавіка — «Новы фронт». У Фінляндыі зрабілі рэзкую заяву пра вайну з Расіяй», 14 сакавіка — «У Фінляндыі спалохаліся праз папярэджанне Расіі», 15 сакавіка — адразу два матэрыялы: «Найгоршы сігнал». У Фінляндыі зрабілі раптоўную заяву пра Расію» і «Перашкода да міру». Словы Зеленскага пра Расію выклікалі здзіўленне на Захадзе», 16 сакавіка — «Удала завяршыць»: у Фінляндыі выказаліся пра сустрэчу Зеленскага з Пуціным», 17 сакавіка — «Зеленскі ведае, што не зможа перамагчы, заявіў фінскі палітык» і «Гэта не спрацуе». Заява Зеленскага пра Расію разазліла Захад».
Гэта значыць, РІА транслюе ледзь не ўсё, што выходзіць з-пад пяра Мемы. Акрамя РІА «Новости», ягоныя выказванні таксама рэгулярна публікуюць ТАСС, RT і іншыя прапагандысцкія выданні.
Не надта адстаюць і беларускія дзяржСМІ — цытаванне Мемы можна знайсці і на БелТА, і на «СБ-Беларусь сегодня», і на іншых рэсурсах.
Пры гэтым у Фінляндыі Мему практычна не ведаюць. Толькі ў апошнія месяцы буйныя фінскія выданні зацікавіліся нікому не вядомым фінскім палітыкам, які ў Расіі раптам стаў адным з самых заўважных ньюсмэйкераў дзяржаўнай прэсы.
У лістападзе 2025 года газета Helsingin Sanomat апублікавала артыкул пра Мему пад загалоўкам «Як сантэхнік з Нурміярві стаў «фінскім палітыкам», які даў інтэрв’ю расійскім СМІ».
У гэтым артыкуле фінскія журналісты звяртаюць увагу на тое, што расійскія СМІ ці, напрыклад, самая прадаваная ў свеце англамоўная газета The Times of India у апошні час змяшчаюць артыкулы пад гучнымі загалоўкамі, цытуючы «фінскага палітыка». Аднак у аснове гэтых матэрыялаў — не выказванні сапраўды ўплывовай фігуры, а пасты ў сацыяльных сетках мала каму вядомага ў Фінляндыі чалавека.
Арманда Мема — 32‑гадовы жыхар Фінляндыі, які працуе сантэхнікам. Ён нарадзіўся ў Албаніі, але яго сям’я эмігравала ў Італію ў 1990‑х гадах. Пазней, у 2019 годзе, ён пераехаў у Фінляндыю на працу і застаўся там. Нягледзячы на тое, што ён не мае фінскага грамадзянства, ён крыху ўдзельнічае ў мясцовай палітыцы, што на пэўных узроўнях (мясцовым і еўрапейскім) дазволена для ўсіх пастаянных жыхароў гэтай краіны.
Спачатку Мема быў звязаны з партыяй «зялёных» і нават удзельнічаў у яе палітычнай дзейнасці, у тым ліку ў перадвыбарчай кампаніі вядомага палітыка Пекі Хаавіста. Але ў 2024 годзе ён пакінуў гэту партыю, бо не пагаджаўся з яе пазіцыяй адносна канфлікту ў Газе, жадаючы больш жорсткай крытыкі Ізраіля.
Пасля гэтага Мема балатаваўся на выбарах ад невялікай еўраскептычнай нацыянал-кансерватыўнай партыі «Альянс свабоды». Аднак вынікі былі вельмі сціплыя: менш за сотню галасоў на еўрапейскіх выбарах і яшчэ менш на мясцовых.
У партыі «Альянс свабоды» ўвогуле няма прадстаўніцтва ў парламенце, таму Мему, як і любога іншага дзеяча з гэтай партыі, нельга лічыць хоць бы колькі-небудзь значнай палітычнай фігурай. Нягледзячы на гэта, яго асабістыя меркаванні пачалі распаўсюджвацца ў медыя як пазіцыя «фінскага палітыка», што стварае скажонае ўяўленне пра рэальныя настроі ў Фінляндыі.
Асобную ўвагу прыцягнуў інцыдэнт у 2024 годзе ў Хельсінкі. Падчас мерапрыемства, дзе выступала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен, Мема з натоўпу выкрыкнуў пытанне пра гібель дзяцей у Газе. Пасля гэтага яго вывелі супрацоўнікі паліцыі. Суд прызнаў, што ён парушыў парадак і аказаў праваахоўнікам супраціў, за што прызначыў штраф. Сам Мема лічыць, што не паводзіў сябе агрэсіўна, і абскарджвае рашэнне.
Пасля гэтых падзей ён пачаў сцвярджаць, што сутыкаецца з цэнзурай у Фінляндыі і што яго погляды ігнаруюцца. Ён таксама шкадуе, што яго ўдзел у выбарах не атрымаў шырокага розгаласу.
Такім чынам, «фінскі палітык», якога кожны дзень цытуюць самыя важныя «рупары» крамлёўскай прапаганды, а нярэдка і лукашэнкаўскай, па факце аказаўся сантэхнікам без грамадзянства Фінляндыі, які беспаспяхова спрабаваў балатавацца ў розныя прадстаўнічыя органы ад карлікавай ультракансерватыўнай партыі.
Чытайце таксама:
У месенджары Max Салаўёў дадаецца аўтаматычна, а адпісацца ад яго цэлы квэст
У Латвіі наракаюць, што Мінск захапіў іх радыёчастату — цяпер там круцяць прапаганду