Японец 26 гадоў арандаваў кватэру, дзе забілі яго жонку, каб захаваць доказы ў спадзяванні на новыя тэхналогіі. І ўрэшце забойцу знайшлі
Забойства адбылося 13 лістапада 1999 года ў чацвёртым па колькасці насельніцтва горадзе Японіі — Нагоі. Хатнюю гаспадыню Намiку Такаба знайшлі мёртвай у яе доме з шматлікімі нажавымі раненнямі ў вобласці шыі. Побач знаходзіўся яе двухгадовы сын, які не пацярпеў.
Сатору Такаба з жонкай і сынам. Фота: QQ.com via scmp.com
Як паведамляе South China Morning Post, расследаванне з самага пачатку было маштабным: у ім удзельнічалі каля 100 тысяч паліцэйскіх, былі апытаныя 5 тысяч чалавек. Следчыя выявілі, што злачынца памыла руку, параненую падчас нападу, у ракавіне кватэры. Аднак выніку гэта не дало.
Следчыя змаглі вызначыць толькі агульныя прыкметы падазраванай: жанчына, група крыві B, рост каля 1,6 метра, памер абутку — 24 см. Паліцыя нават абвясціла ўзнагароду за інфармацыю, але і гэта не дапамагло.
Муж загінулай, Сатору Такаба, прыняў незвычайнае рашэнне: ён пакінуў кватэру ў тым выглядзе, у якім яна была пасля злачынства, і працягваў плаціць за яе арэнду. Сам ён разам з сынам жыў у іншым месцы і больш не жаніўся.
Паведамляецца, што за 26 гадоў ён выдаткаваў на арэнду пустой кватэры каля 22 мільёнаў іен (прыкладна 145 тысяч даляраў).
Сатору не прыбіраў кроў і не змяняў нічога ў інтэр’еры, спадзеючыся, што калі-небудзь новыя тэхналогіі дапамогуць раскрыць злачынства. Паралельна ён сам спрабаваў прыцягнуць увагу да справы: раздаваў улёткі на вуліцах, даваў інтэрв’ю і заклікаў людзей дзяліцца любой інфармацыяй.
Пералом адбыўся толькі ў 2024 годзе, калі паліцыя аднавіла расследаванне і звярнула асаблівую ўвагу на людзей з кола знаёмых сям’і. 30 кастрычніка 2025 года злачынца сама здалася паліцыі.
Сатору Такаба на парозе кватэры, дзе была забіта яго жонка. Фота: asahi.com
Як высветлілася, гэта даўняя знаёмая Сатору — Куміка Ясуфуку, якой цяпер 69 гадоў. Паведамляецца, што жанчыну і раней дапытвалі, але яна адмаўлялася здаваць кроў для ДНК-аналізу. Цяпер жа экспертыза паказала, што ДНК, выяўленая на месцы злачынства, супадае з яе. Жанчына была затрыманая па падазрэнні ў забойстве.
Паводле слоў злачынцы, яна доўгія гады жыла ў страху і трывозе, але не хацела здацца, каб не ствараць праблем сваёй сям’і. Толькі пасля таго, як паліцыя зноў звязалася з ёй, паводле слоў Кумікі, яна была гатовая да арышту і вырашыла прызнацца.
Для Сатору Такаба імя падазраванай стала шокам. Аказалася, што гэта яго былая аднакласніца, якая калісьці была ў яго закаханая, але ён адхіліў яе пачуцці.
Здымак Кумікі Ясуфуку з школьнага выпускнога альбома. Крыніца: japantimes.co.jp
Пасля школы яны не падтрымлівалі сувязі і ўпершыню за 20 гадоў сустрэліся прыкладна за пяць месяцаў да злачынства — на сустрэчы выпускнікоў школьнага тэніснага клуба. Як узгадвае Сатору, жанчына казала, што замужам: «У мяне ўсё добра і з працай, і з выхаваннем дзіцяці».
Да самога злачынства яна ніяк не турбавала сям’ю мужчыны, таму Такаба нават не разглядаў яе як магчымую падазраваную. Больш за тое, ён быў упэўнены, што забойца даўно пакінула горад. Аднак высветлілася, што ўсе гэтыя гады жанчына жыла непадалёк ад кватэры, якую ён працягваў арандаваць.
Паводле дадзеных следства, 13 лістапада 1999 года Куміка прыйшла да яго жонкі, каб пагаварыць, але размова перарасла ў канфлікт, які скончыўся трагедыяй. Суседзі яшчэ тады паведамлялі паліцыі, што перад забойствам чулі сваркі ў доме ахвяры.
Пасля арышту падазраванай Такаба прызнаў, што яго настойлівасць не была марнай. І хоць праўда аказалася нечаканай і балючай, ён падкрэсліў: галоўнае, што справядлівасць урэшце ўзяла верх.
Як паведамляе The Japan Times, 5 сакавіка гэтага года жанчыне было прад’яўлена абвінавачанне. Яе чакае суд прысяжных. Паведамляецца, што Ясуфуку спачатку давала паказанні, але пазней скарысталася правам маўчаць, таму матыў злачынства пакуль не ўстаноўлены. Такаба заяўляе, што не мае ніякага ўяўлення, што магло падштурхнуць яго аднакласніцу да нападу на яго жонку.
Псіхіятрычная экспертыза паказала, што Ясуфуку з’яўляецца псіхічна здольнай несці крымінальную адказнасць.