Усё больш расіян задумваюцца аб пераездзе ў Беларусь
Блакіроўкі інтэрнэту і запавольванне месенджараў у Расіі справакавалі хвалю цікавасці да рэлакацыі ў Беларусь. У сацсетках усё часцей абмяркоўваюць Мінск, дзе працуюць усе сацсеткі, даступныя еўрапейскія брэнды, а цэны на жыллё ў разы ніжэйшыя за маскоўскія.
Фота: LookByMedia
Праз перабоі з сувяззю і інтэрнэтам некаторыя расіяне задумаліся пра пераезд у Беларусь. «Ъ FM» пагаварыў з расіянамі, якія разглядаюць пераезд у Беларусь:
Дзмітрый:
«Я не згодны з цяперашняй палітыкай блакіровак. Хочацца пераехаць кудысьці бліжэй, каб заставалася магчымасць звязвацца са сваякамі. У гэтым плане Беларусь падыходзіць: адтуль да Расіі і назад лёгка дабрацца.
Сярод плюсаў — падобны менталітэт. Я ўжо паглядзеў, як пераехаць па дакументах, вывучыў цэны на кватэры і заробкі, у цэлым разумею сітуацыю».
Арцемій:
«Мая праца звязаная з інтэрнэтам, таму, калі ў Расіі будуць праблемы з сувяззю, прыйдзецца рэальна задумацца пра пераезд. У мяне ёсць знаёмы, які шмат гадоў жыве ў Беларусі, і ён адгукаецца толькі станоўча: кажа, што на вуліцах чыста, клімат мякчэйшы, чым на Урале і ў Сібіры, і няма абмежаванняў у інтэрнэце».
Канал «Осторожно, новости!» вывучыў сацсцеткі на гэты конт. Канал даводзіць, што расіяне «масава абмяркоўваюць пераезд у Беларусь».
Сярод плюсаў адзначаюць інтэрнэт без «белых спісаў», умераныя цэны, у тым ліку на жыллё, магчымасць плаціць расійскай карткай, падобны менталітэт і мову.
У той жа час канал адзначае, што не ўсе беларусы радыя гэтай перспектыве. Беларусы пішуць, што расіян у краіне не чакаюць, бо некаторыя турысты «паводзяць сябе непрыгожа»: спрабуюць расплачвацца расійскімі рублямі, паркуюцца на газонах, не выконваюць ПДР.
Іншыя просяць расіян паважаць краіну, у якую тыя збіраюцца пераехаць, і правільна пісаць яе назву.
«Мы не прыдатак Расіі. Хочам, каб нам не навязвалі сваё меркаванне і не грубілі. Калі вы зможаце паважаць нашу краіну і нашых людзей, тады вас сустрэнуць цёпла», — пішуць беларусы.
Некаторыя з іх таксама баяцца, што жыхары РФ прывязуць з сабой культурныя наступствы накшталт спевака SHAMAN.
Таксама беларусы пужаюць расіян мінусамі: праблемы з працаўладкаваннем і вакансіямі, нізкія заробкі, мала забаў, нізкі ўзровень сэрвісу і менш святочных дзён.