Улады Вільні зменяць статут гімназіі імя Францішка Скарыны
18 сакавіка Віленская гарадская рада на сваім пасяджэнні разглядае пытанне аб змене статутаў трох школ, якія працуюць на мовах нацыянальных меншасцей.
1 Верасня ў гімназіі Францішка Скарыны
Гэта дазволіць фарміраваць класы, асноўнай мовай навучання ў якіх будзе літоўская, паведаміла агенцтва BNS.
Змены плануецца зрабіць у віленскіх гімназіі імя Францішка Скарыны, дзе навучанне адбываецца па-беларуску, школе імя Льва Карсавіна з рускай мовай навучання і гімназіі ў Грыгішках, дзе выкладаюць па-польску і па-руску.
«Змяняюцца статуты некаторых школ, дадаткова ўводзіцца літоўская мова, што адкрывае магчымасць фарміраваць класы, асноўная мова навучання ў якіх — літоўская», — сказаў віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас напярэдадні пасяджэння.
Паводле віцэ-мэра Міталаса, да такога рашэння ўдалося прыйсці без канфрантацыі і пры падтрымцы саміх школ.
«Прадстаўнікі нацыянальных меншасцей і надалей змогуць вывучаць сваю родную мову, але асноўнай мовай прадметаў, паколькі на гэтай мове здаюцца экзамены, будзе дзяржаўная літоўская мова», — падкрэсліў Вітаўтас Міталас.
Віцэ-мэр адзначыў, што такія змены неабходныя, каб навучэнцы лепш падрыхтаваліся і здалі экзамены, паведаміла BNS.
У Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны пазітыўна ўспрынялі прыняцце зменаў у статут установы. Намесніца дырэктара гімназіі Юратэ Нарвайшэне назвала такі крок вельмі слушным.
«Гэтак павінна быць паводле закона. У школах нацыянальных меншасцей павінны быць дзве мовы навучання: дзяржаўная літоўская як асноўная і мова нацыянальнай меншасці. Усё проста, цяпер гэта будзе пазначана і ў статуце ўстановы», — сказала Свабодзе спадарыня Нарвайшэне, якая часова выконвае абавязкі дырэктара гімназіі.
Радыё Свабода пагаварыла з Мікалаем, бацькам аднаго з навучэнцаў гімназіі імя Францішка Скарыны.
Ён мяркуе, што змены ў статут гімназіі не будуць замінаць беларускаму навучанню дзяцей, але забяспечаць адпаведнасць закону і паспрыяюць прыёму новых беларускіх дзяцей.
«Гэта рашэнне чакалася, я б яго вітаў, бо яно будзе спрыяць інтэграцыі і даваць дадатковыя магчымасці дзецям засвоіць літоўскую мову, якая ім вельмі спатрэбіцца. У той жа час, безумоўна, большасць бацькоў лічыць вельмі важным захоўваць беларускамоўную сутнасць гімназіі — таму беларусы свядома аддаюць дзяцей вучыцца менавіта сюды. І адміністрацыя гімназіі запэўніла бацькоў, што навучальны працэс будзе захоўвацца як пераважна беларускамоўны, а ўстанова застанецца беларускай у сутнасці», — мяркуе Мікалай.
Паводле Мікалая, бацькі навучэнцаў гімназіі віталі афіцыйную пазіцыю горада Вільні, калі сёлета 28 студзеня муніцыпальная рада прыняла пратакольную рэзалюцыю, у якой адзначыла ўнікальны характар гімназіі як адзінай за межамі Беларусі дзяржаўнай школы з беларускай мовай навучання і дэкларавала намер і далей яе падтрымліваць.
«Як адзін з бацькоў я вельмі спадзяюся, што даданне дзяржаўнай мовы ў статут гімназіі не прывядзе да выціскання беларускай і што горад стрымае сваё слова», — падзяліўся спадзевамі Мікалай.
Віленская гімназія імя Францішка Скарыны, у якой займаюцца каля 400 вучняў, заснаваная ў 1994 годзе спачатку як школа, а ў 2013 годзе атрымала статус гімназіі. Гэта адзіная дзяржаўная навучальная ўстанова ў Літве з навучаннем па-беларуску.