Шэсць беларусак з трох краін рыхтуюцца пераплысці Ла-Манш
Шэсць беларусак, якія сёння жывуць у Літве, ЗША і Вялікабрытаніі, рыхтуюцца да аднаго з самых складаных марафонаў на адкрытай вадзе — заплыву праз Ла-Манш, які пройдзе ў чэрвені. Калі ім удасца гэта зрабіць, каманда BelSwimSisters можа стаць першай беларускай эстафетнай камандай, якая пераадолее гэты маршрут.
Ідэя, пішуць удзельніцы ў сваім акаўнце, з’явілася пасля знаёмства з літоўскай камандай плыўцоў, якая ў 2025 годзе пераплыла Ла-Манш. Яны пазнаёміліся праз сацыяльныя сеткі, а потым сустрэліся на адкрытых заплывах у Літве.
У Ла-Маншы — праліве паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй — праходзіць адзін з самых вядомых марафонаў на адкрытай вадзе. Даўжыня маршруту па прамой складае каля 34 кіламетраў, але з улікам марскіх плыняў плыўцы часта пераадольваюць 40—60 км. Эстафетны фармат прадугледжвае, што ўдзельніцы па чарзе змяняюць адна адну ў вадзе, а агульная працягласць заплыву можа складаць ад 10 да 16 гадзін.
Адна з галоўных складанасцяў — тэмпература вады. Калі большасць спаборніцтваў на адкрытай вадзе праходзіць пры 21—24 градусах, то ў Ла-Маншы напрыканцы чэрвеня вада трымаецца на ўзроўні 14—16°C. У такой вадзе дыханне становіцца цяжкім, хутка мерзнуць рукі і ногі, а працяглае знаходжанне можа прывесці да гіпатэрміі.
Менавіта холад становіцца галоўнай прычынай, чаму многія не даходзяць да фінішу. За станам плыўцоў сочаць назіральнікі на лодцы: калі тэмп рухаў падае і становіцца відавочна, што чалавек пачынае губляць сілы ад холаду, яго вымаюць з вады.
Таму падрыхтоўка да заплыву ў першую чаргу звязаная з прывыканнем да халоднай вады. Як распавядаюць удзельніцы ў сваім інстаграме, трэніроўкі праходзяць у самых розных умовах — ад ледзяных азёр у Літве да заплываў у акіяне.
Дар’я Сліж на спаборніцтвах. Фота з сацыяльных сетак каманды
Акрамя гэтага, каманда шмат плавае і паасобку. У агульным чаце ўдзельніцы ставяць сабе мэты на тыдзень і дзеляцца вынікамі трэніровак. Ёсць і начныя заплывы — старт можа адбыцца ў любы час сутак, таму трэба быць гатовым плысці і ў цемры.
Яшчэ адна асаблівасць адкрытай вады — хвалі і вецер. Плыні могуць біць у твар з любога боку, таму плыўцы вучацца дыхаць і налева, і направа. Для многіх гэта як навучыцца пісаць другой рукой — патрабуе часу і перабудовы каардынацыі.
Каманда жыве ў розных краінах: тры ўдзельніцы ў Літве, дзве ў ЗША і адна ў Вялікабрытаніі. Каб падтрымліваць сувязь, яны рэгулярна сустракаюцца анлайн і абмяркоўваюць як трэніроўкі, так і арганізацыйныя пытанні.
Час ад часу атрымліваецца збірацца і асабіста. Напрыклад, сумесныя трэніроўкі ўжо праходзілі ў Атлантычным акіяне ў Іспаніі. Такія сустрэчы дапамагаюць не толькі падрыхтавацца фізічна, але і адчуць сябе сапраўднай камандай.
Алена Грыгор'ева. Фота з сацсетак каманды BelSwimSisters
Старт заплыву адбываецца з боку Вялікабрытаніі — такія правілы. Плыўцы павінны дакрануцца да французскага берага, пасля чаго вяртаюцца на лодку і ідуць назад у порт Дуўр. Дакладнае месца фінішу прадказаць складана: моцныя плыні часта зносяць траекторыю, таму маршрут нагадвае літару S.
Удзельніцы беларускай каманды — Улляна Зарубіна, Дар'я Сліж, Марына Шынкарэнка, Марыя Колесава-Гудзіліна, Настасся Літвіненка, Алена Грыгор’ева.
Яны пішуць у сацсетках, што ў кожнай з іх — свая гісторыя і матывацыя. Жанчыны розных прафесій, але ўсіх аб’ядноўвае адна мэта — пераплысці Ла-Манш разам. Тым больш звароты ў профільныя асацыяцыі паказалі: чыста беларускай эстафетнай каманды на Ла-Маншы пакуль не было.
Улляна Зарубіна падчас падрыхтоўкі. Фота з сацсетак каманды BelSwimSisters
Каманда вядзе старонку ў інстаграме, дзе расказвае пра трэніроўкі і кваліфікацыйныя заплывы, а таксама пра тое, як іх можна падтрымаць.