БЕЛ Ł РУС

Суд прызнаў незаконным рашэнне Трампа закрыць «Голас Амерыкі»

18.03.2026 / 22:27

Nashaniva.com

Суд у ЗША прызнаў незаконным рашэнне адміністрацыі Дональда Трампа закрыць радыёкампанію «Голас Амерыкі» і загадаў аднавіць яе працу. Паводле рашэння суда, амерыканскія ўлады павінны вярнуць на працу 1042 супрацоўнікаў і аднавіць вяшчанне на працягу тыдня.

Фота: Kent Nishimura/Bloomberg via Getty Images

Неўзабаве пасля пачатку свайго прэзідэнцкага тэрміну ў 2025 годзе Трамп распарадзіўся закрыць гэтае медыя, абвінаваціўшы яго ў прадузятасці. Таксама планавалася значна скараціць дзейнасць іншых СМІ, якія фінансуюцца з бюджэту ЗША. Пасля таго больш за тысячу супрацоўнікаў «Голаса Амерыкі» адправілі ў аплачаны адпачынак да далейшага паведамлення.

Журналісты падалі ў суд, заявіўшы, што гэта парушае іх права на свабоду слова. Яшчэ раней суд часткова прыпыніў закрыццё і забараніў звальненні, але фактычна большасць журналістаў усё адно не працавала.

Цяпер суддзя Ройс Ламберт пастанавіў, што звальненні былі неабгрунтаванымі і самавольнымі. Ён таксама адзначыў, што прызначаная кіраўніца Агенцтва ЗША па глобальных медыя (USAGM) Кэры Лэйк не мела поўных паўнамоцтваў прымаць такія рашэнні, бо яе прызначэнне не было зацверджана Сенатам. Акрамя таго, урад не ўлічыў законы, якія рэгулююць працу «Голаса Амерыкі» і яго міжнароднае вяшчанне (якое раней вялося амаль на 50 мовах).

Прадстаўнікі рэдакцыі віталі рашэнне суда і выказалі надзею працягваць сваю місію — займацца журналістыкай, а не прапагандай. Але пакуль невядома, ці будзе гэтае рашэнне абскарджана.

Чытайце таксама:

Трамп: Я да іх звяртаюся не таму, што яны нам патрэбныя, а хачу паглядзець на рэакцыю

Трамп павысіў глабальныя тарыфы з 10% да 15%

Трамп дадаў яшчэ 10% тарыфаў на ўвесь імпарт пасля прызнання ранейшых мытаў незаконнымі

Трамп заклікаў знішчыць «Голас Амерыкі»

Каментары да артыкула