БЕЛ Ł РУС

Выйшаў на свабоду выбітны хірург Андрэй Любецкі

9.08.2026 / 18:41

Nashaniva.com

Вядомы дзіцячы сківічна-тваравы хірург цалкам адбыў шасцігадовы турэмны тэрмін.

Стала вядома пра вызваленне палітзняволенага доктара Андрэя Любецкага. Ён знаходзіўся за кратамі больш за пяць гадоў і выйшаў на свабоду па сканчэнні тэрміну.

***

Андрэй Любецкі нарадзіўся ў 1971 годзе ў Беразіне. З дзяцінства захапляўся футболам, падаваў надзеі і збіраўся стаць студэнтам інстытута фізкультуры. Але за тры месяцы да паступлення перадумаў і пайшоў у медыцынскі ўніверсітэт.

Пасля вучобы размеркаваўся ў 4‑ю дзіцячую бальніцу Мінска, дзе працаваў да 2016 года — амаль 18 гадоў. Любецкі праводзіў унікальныя аперацыі па пластыцы расколін паднябення і твару.

Сем гадоў Андрэй выкладаў у медінстытуце курс па дзіцячай хірургіі твару, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці ён перайшоў на працу ў прыватныя клінікі.

Пасля падзей жніўня 2020 года Андрэй Любецкі не застаўся ў баку. Ён стаў валанцёрам-медыкам у лагеры каля ізалятара на Акрэсціна, дзе аказваў дапамогу людзям, якія выходзілі са зняволення пасля жорсткіх збіццяў.

Доктар і сам правёў у ізалятары дзве ночы. Яго затрымалі 11 кастрычніка 2020 года пасля маршу. 

У пачатку красавіка 2021 года на тэлеканале АНТ выйшаў фільм «Манкурты» пра былых сілавікоў. Адну з серый прысвяцілі сям’і Любецкіх. Яго аўтары абвінавацілі жонку Наталлю ў перадачы падстаўных «сакрэтных дакументаў» экс-алмазаўцу Ігару Макару. Пасля дзвюх начэй у следчым ізалятары яна прыняла рашэнне з’ехаць з краіны разам з дзецьмі. Андрэй заставаўся ў Беларусі.

Любецкі быў затрыманы 4 мая 2021 года. Суд нам ім адбыўся праз год па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

У маі 2022 года суд вынес прысуд: пяць гадоў калоніі.

Суд таксама абавязаў мужчыну выплаціць 2000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды намесніку міністра ўнутраных спраў Мікалаю Карпянкову. Для адбыцця пакарання доктара накіравалі ў бабруйскую папраўчую калонію №2.

У чэрвені 2024 года Любецкага перавялі на турэмны рэжым і адправілі ў Жодзіна.

Незадоўга да плануемага вызвалення яму дадалі яшчэ год зняволення. Хутчэй за ўсё, вызваляўся доктар з калоніі для рэцыдывістаў у Горках.

Чытайце таксама:

Сківічны хірург Андрэй Любецкі валанцёрыў пад Акрэсціна, а яго жонка Наталля трапіла ў «шпіёнскі» фільм АНТ — вялікая гутарка

«Шчаслівы, што жонцы ўдалося з'ехаць. А я вытрымаю». Хірург Андрэй Любецкі даў інтэрв'ю з СІЗА

«Як прыстойны чалавек, я не магу маўчаць». Як судзяць хірурга Андрэя Любецкага

Палітвязня Андрэя Любецкага пераводзяць на турэмны рэжым

Каментары да артыкула