У Віцебску спрабуюць прадаць раскошную камяніцу з эркерамі, якую за дзесяць гадоў давялі да поўнага разбурэння
Калісьці трохпавярховы дом вуліцы Камсамольскай быў упрыгажэннем Задзвіння, але за апошнія гады ператварыўся ў руіны проста на вачах гараджан. Цяпер небяспечную скрыню спрабуюць прадаць новаму ўласніку, але ахвотных браць на сябе адказнасць да даведзены да ручкі помнік архітэктуры няма.
Дом у канцы 2010‑х гадоў. Фота: vkurier.by
Чарговая спроба прадаць будынак па вуліцы Камсамольскай, 28 адбудзецца ў канцы сакавіка 2026 года, аднак гісторыя папярэдніх аўкцыёнаў не дае шмат падстаў для аптымізму.
Ад раскошнай камяніцы да руіны
Будынак быў узведзены ў 1910‑я гады, як мяркуецца, па праекце гарадскога архітэктара Ціхана Кібардзіна. Гэта быў жылы дом, характэрны хутчэй для буйных гарадоў кшталту Санкт-Пецярбурга ці Вільні: з параднай лесвіцай па цэнтры і «чорнымі» ўваходамі з кухань. Яго архітэктура спалучае элементы розных стыляў: раслінны арнамент XIX стагоддзя тут суседнічае з формамі мадэрну, а пад вокнамі вылучаюцца ляпныя гірлянды з каласамі.
Дом перажыў дзве сусветныя вайны, і пасля аднаўлення ў 1950‑я гады ў ім жылі работнікі станкабудаўнічага завода. У 2010—2011 гадах ён быў прызнаны аварыйным, і жыхароў пачалі адсяляць.
Дом у 1980‑я і ў канцы 2010‑х гг. Фота: vkurier.by
Яшчэ ў 2016 годзе, як сведчаць панарамныя здымкі вуліцы, будынак выглядаў цалкам прыстойна: з дахам, цэлымі вокнамі і тынкоўкай на сценах. Аднак сапраўднае разбурэнне пачалося не ад узросту, а пасля таго, як дом трапіў у прыватныя рукі.
У 2015 годзе яго набыло ТАА «СК-ЕўраІнвест» амаль за чвэрць мільёна даляраў. Новы ўласнік анансаваў стварэнне гасцінічнага комплексу «Брыстоль». Да 2019 года будаўнікі нават разабралі дах і перакрыцці, пасля чаго работы спыніліся.
Дом па вуліцы Камсамольскай, 28 без даху і ў будаўнічай сетцы. Фота: vitvesti.by
Без кансервацыі і часовага даху помнік архітэктуры застаўся адкрытым для ўздзеяння атмасферы і пачаў імкліва разбурацца. Сёння будынак хаваецца за будаўнічай сеткай: эркеры і тынкоўка са сцен пагражаюць абваліцца на галовы гараджан.
Аўкцыённы тупік
Цяперашняя спроба прадаць аб'ект — далёка не першая. У лютым 2026 года дом ужо выстаўляўся на таргі з пачатковай цаной 1 340 000 рублёў, але аўкцыён не адбыўся праз адсутнасць ахвотных.
Сучасны стан дома па вуліцы Камсамольскай, 28 у Віцебску. Фота: e-auction.by
Сучасны стан дома па вуліцы Камсамольскай, 28 у Віцебску. Фота: e-auction.by
Для новых таргоў, запланаваных на канец сакавіка, цану знізілі да 1 072 000 рублёў. Сёння продаж ажыццяўляе не сам уласнік, а органы прымусовага выканання — «БелЮрЗабеспячэнне». На маёмасць накладзены арышт і забарона на здзяйсненне рэгістрацыйных дзеянняў.
Сучасны стан дома па вуліцы Камсамольскай, 28 у Віцебску. Фота: e-auction.by
Сучасны стан дома па вуліцы Камсамольскай, 28 у Віцебску. Фота: etpvit.by
Акрамя ўласна будынка плошчай 853,8 кв.м, пакупнік атрымлівае права арэнды зямельнага ўчастка (да 2040 года), а таксама шэраг абмежаванняў, звязаных са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці. Значна ўскладняе сітуацыю тое, што новы ўласнік будзе вымушаны не толькі аднаўляць моцна пашкоджаныя цагляныя канструкцыі і ляпніну, частка якой незваротна страчана за гады стаянне без даху, але і нанова распрацоўваць праектную дакументацыю або дамаўляцца з папярэднім уласнікам аб яе перадачы.
Улады горада разглядаюць пытанне аб прымусовым адабранні аб'екта ў нядбайнага ўласніка і перадачы яго іншаму забудоўшчыку, аднак пакуль гістарычны будынак працягвае разбурацца на вачах, стаўшы сумным помнікам безгаспадарчасці.