БЕЛ Ł РУС

У адной з мінскіх паліклінік з'явіўся сэнсарны пакой

20.03.2026 / 09:54

Nashaniva.com

Незвычайны гульнявы пакой для малых дзяцей з’явіўся ў 4‑й гарадской дзіцячай клінічнай паліклініцы.

Фота: Bremor

Ён падыходзіць як для гульняў, так і для развіццёвых заняткаў. Пакой ствараўся для дзяцей да трох гадоў, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку з аўтызмам, піша Tochka.by.

Сэнсарны пакой для медыцынскай установы стварыла кампанія Bremor — за ўласны кошт адрамантавала памяшканне, закупіла абсталяванне і паставіла гульнявыя комплексы. На ўсё спатрэбілася больш за два месяцы.

Фота: Bremor

«Раней гульнявыя пакоі былі прызначаны толькі для камфортнага баўлення часу дзяцей у бальніцы, аднак мы бачым патрэбу ў пашырэнні фармату. Сэнсарны гульнявы пакой на базе клінічнай дзіцячай паліклінікі Мінска будзе адыгрываць важную ролю ў працэсе карэкцыйных заняткаў з малымі, таму ў праекце мы пастараліся ўлічыць усе запыты спецыялістаў», — распавяла дырэктар па маркетынгу кампаніі Алеся Еліна.

Фота: Bremor

Гульнявы пакой аформілі ў яркіх колерах з яркімі малюнкамі на ўсю сцяну. Ёсць таксама развівальныя мяккія канструкцыі, спецыяльнае абсталяванне і гульні. Усё гэта дазволіць заўважаць асаблівасці псіхафізічнага развіцця на ранніх стадыях, што вельмі важна.

«Менавіта своечасовая ранняя дапамога значна зніжае цяжкасць парушэнняў развіцця ў будучыні, выступае падмуркам для фарміравання больш складаных навыкаў і спрыяе адаптацыі асаблівых дзяцей у грамадстве», — адзначылі ў цэнтры.

Фота: Bremor

Рознакаляровыя модулі для сухога басейна, мячыкі розных памераў і тэкстур, валікі з грануламі і балансіры выдатна стымулююць органы пачуццяў, а гульнявыя камплекты з рознымі напаўняльнікамі і масажоры добра развіваюць тактыльныя адчуванні.

Раней сучасныя прасторы ад кампаніі Bremor з’явіліся ў Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы, сацыяльна-педагагічным цэнтры Брэста, 3‑й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска і дзіцячай гарадской бальніцы ў Баранавічах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула