Ціханоўская возьме ўдзел у шэсці ў Варшаве з нагоды Дня Волі
Дэмакратычная лідарка ў сваім тэлеграм-канале заклікала далучацца да мерыпраемстваў, прысвечаных Дню Волі.
Photo by Jakub Porzycki NurPhoto via Getty Images
«Так, сёння мы раскіданыя па ўсім свеце, але не адмовіліся ад нашых мараў і мэтаў. Беларусь жыве ў нас, дзе б мы ні былі. І калі ў вашым горадзе плануецца імпрэза ці акцыя, якую ладзіць мясцовая дыяспара, далучайцеся. Бярыце з сабой сцягі — беларускія і ўкраінскія, сімволіку, але таксама не забывайцеся прытрымлівацца правілаў бяспекі.
А асабіста мы зможам пабачыцца 28 сакавіка на маршы ў Варшаве. Я ўжо чакаю нашай сустрэчы», — зазначыла яна.
Шэсце ў Варшаве пройдзе ў наступную суботу, 28 сакавіка, і пачнецца а 16‑й гадзіне.
Збор удзельнікаў адбудзецца на Плошчы Трох Крыжоў. Тут прагучаць выступы палітыкаў, грамадскіх і культурных дзеячаў.
Пасля ўдзельнікі, несучы вялізны 330‑метровы нацыянальны сцяг, накіруюцца ў вялікае шэсце праз цэнтр горада да Замкавага пляцу, дзе чакаюцца выступы палітыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, а таксама адбудзецца святочны канцэрт.
Мерапрыемствы пройдуць і ў іншых краінах — Літве, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі. Расклад апублікаваны тут.