БЕЛ Ł РУС

У Купянску знішчылі ўсю групу расіян, якая некалькі месяцаў сядзела ў разбомбленай бальніцы. Не выйшаў ніхто

20.03.2026 / 15:23

Сяргей Гезгала

Украінскія войскі занялі апошні фарпост расіян у Купянску — комплекс бальніцы, які тыя ўтрымлівалі некалькі месяцаў у атачэнні.

Уладзімір Пуцін і Валерый Герасімаў. Фота: Getty Image

Расійскія падраздзяленні, размеркаваныя на поўнач ад Купянска ў трохкутніку Кандрашоўка — Рэдзькаўка — Галубоўка, у кастрычніку 2025 года праніклі ў горад па двух асноўных кірунках. Першы — уздоўж трасы Р-79, што ідзе паралельна рацэ Аскол. Другі — абыходам праз заходнюю частку горада з пераходам ракі Купянка.

Расіяне заявілі пра захоп Купянска 20 лістапада 2025 года — авансам, як часта робяць іх генералы, каб атрымаць прэмію і ордэн. Аднак штурмавыя атрады расійскага спецназа апынуліся ў атачэнні ў выніку ўкраінскіх контрудараў. Расіяне замацаваліся ў шэрагу будынкаў. Самая вялікая група заняла капітальны комплекс Цэнтральнай раённай бальніцы. Іх забяспечвалі боепрыпасамі і прадуктамі з дапамогай грузавых дронаў.

Расійскія штурмавікі ў будынку Цэнтральнай раённай бальніцы Купянска. Фота: pionergrupa / Telegram

«Я разумею, братан, што мы ў катле, у поўнай жопе», — цытаваў расійскага байца канал «Піянер запасу».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Купянск 12 снежня. Ён тым самым фактычна высмеяў Уладзіміра Пуціна і Валерыя Герасімава, які пад тэлекамеры даклаў пра заняцце горада.

Украінцы не спяшаліся штурмаваць расійскія анклавы ў горадзе, бераглі свае сілы. Выгасанне абароны было пытаннем часу, і гэты час надышоў.

Купянск у пачатку студзеня 2026-га. Скрын відэа: Pivnenko_NGU / Telegram

«Пад інфармацыйным прыкрыццём (цішынёй) МА РФ — УС Украіны вядуць зачыстку паўночнага ўчастка, які застаўся, — напісалі сёння расійскія ваенкары і дадалі: — Хлопцы з ЦРБ загінулі. Усе».

У Купянскай агламерацыі да вайны жыло каля 58 тысяч чалавек. Гэта як беларускі Кобрын. Расіяне акупавалі Купянск (правільны націск — на першы склад) 27 лютага 2022 года, але УСУ вызвалілі яго падчас Ізюмскай контрнаступальнай аперацыі ў верасні таго ж года. Пасля гэтага фронт замацаваўся на ўсход і поўнач ад Купянска.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула