БЕЛ Ł РУС

Пенсіянеры, актывісты, шматдзетныя бацькі: хто трапіў у спіс з 250 памілаваных палітвязняў

20.03.2026 / 21:59

Nashaniva.com

У выніку перамоў са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам 19 сакавіка Лукашэнка памілаваў 250 чалавек. 15 палітзняволеных былі выдвараныя з краіны без дакументаў, а 235 засталіся ў Беларусі. Палітвязняў з калоній і «хімій» пачалі выпускаць на наступны дзень. Усе памілаваныя асобы знаходзіліся ў Спісе палітвязняў і асуджаных па палітычных крымінальных справах, якую вядуць праваабаронцы. «Вясна» прааналізавала спіс памілаваных і расказвае, каго з палітвязняў закранула гэтае рашэнне. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Памілаваная 51 жанчына

У спісе памілаваных — 51 жанчына і 199 мужчын. З іх 50 жанчын былі асуджаныя да пазбаўлення волі ў калоніі, адна — да «хіміі». Трох жанчын выдварылі з краіны — двух праваабаронцаў і адну журналістку.

14 гадоў і 9 месяцаў — максімальны тэрмін прысуду памілаванай палітзняволенай

Гэта прысуд каардынатаркі Валанцёрскай службы «Вясны» Марфы Рабковай. Яна ўтрымлівалася за кратамі больш за пяць з паловай гадоў калоніі. Памілавалі таксама палітолага Валерыю Касцюгову, якую асудзілі да 10 гадоў калоніі.

Мінімум 34 памілаваныя былі асуджаныя да двух і двух з паловай гадоў няволі. Пры гэтым, некаторых затрымалі ў 2024 годзе — іх тэрміны хутка павінны былі скончыцца. Так, напрыклад, Аляксандра Шабуню затрымалі 25 снежня 2024 года і паводле арт. 342 КК прызначылі два гады калоніі. 31 кастрычніка 2024 года па «справе дваровых чатаў» затрымалі Анастасію Сікірыцкую. Ён прызначылі два гады калоніі, якія заканчваюцца сёлета. Такая ж сітуацыя ў Людмілы Ксяндзовай і шмат іншых.

Таксама сярод памілаваных шмат тых, каго толькі перавялі ў калоніі пасля разгляду іх апеляцыйных скаргаў на прысуды.

Самым маладым з вызваленых палітвязняў па 20 гадоў, найстарэйшым — 70 гадоў

Тром памілаваным палітвязням толькі па 20 гадоў. Гэта Станіслаў Амельянюк з Жабінкі, асуджаны за «здзек з дзяржаўных сімвалаў»; Уладзіслаў Горскі з Гродзеншчыны, асуджаны да «хіміі» за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»; Аляксандр Маркін з Бабруйска, асуджаны па «справе Гаюна» да «хатняй хіміі».

З краіны выдварылі Мікіту Залатарова, якому цяпер 21 год. Хлопец быў затрыманы, калі яму было яшчэ 16 гадоў — 11 жніўня 2020 года. Мікіта — хворы на эпілепсію. Ён паведаміў, што яшчэ за тры дні да вызвалення знаходзіўся пад кропельніцай. А вызвалілі яго проста з ШІЗА.

Самай старэйшай палітзняволенай — 70 гадоў. Гэта Алена Вярбіцкая, асуджаная да калоніі за салідарнасць з палітвязнямі. 

Агулам у спісе памілаваных налічваецца 17 чалавек ва ўзросце больш за 60 гадоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, як мінімум 12 памілаваных палітзняволеных — пенсійнага ўзросту.

Мінімум 84 палізняволеныя былі затрыманыя ў 2025 годзе

Паводле звестак «Вясны», як мінімум 84 палітзняволеных былі затрыманыя летась. Затрыманых у 2024 годзе — мінімум 76 палітзняволеных. Шэсць палітвязняў былі ў няволі з 2021 года. 

Дзевяць чалавек былі затрыманыя яшчэ ў 2020 годзе і ўтрымліваліся за кратамі больш за пяць гадоў. Усіх, акрамя Аляксея Мельнікава з Магілёва, выдварылі з краіны. Сярод іх — Кірыл Казей, асуджаны да сямі гадоў няволі; Дзмітрый Кубракоў, якога затрымалі 11 жніўня 2020 года і асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Памілавалі таксама асуджанага да 13 гадоў блогера Эдуарда Пальчыса — ён быў затрыманы 27 верасня 2020 года. Выдварылі з Беларусі і Кіма Самусенку, які быў затрыманы 3 лістапада 2020 года.

Мінімум 31 палітвязень, асуджаны да «хіміі»

Паводле інфармацыі «Вясны», як мінімум 31 палітзняволены са спіса памілаваных быў асуджаны да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Сярод іх — уладальнік гарадзенскай этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч. Ён быў накіраваны адбываць паўтарагадовы тэрмін за ўдзел у пратэстах у віцебскае ПУАТ № 9. Днём 20 сакавіка яго адправілі з працы дадому.

Мінімум 8 чалавек асуджаныя да «хатняй хіміі» — большасць па «справе Гаюна»

Паводле інфармацыі «Вясны», мінімум восем палітзняволеных са спіса памілаваных асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Сярод іх — сем фігурантаў «справы Гаюна» Уладзімір Патапенка, Хакбердзі Мамедаў, Аляксандр Маркін, Аляксандр Лабузаў, Аляксей Друпаў, Аляксандр Дулеба, Дзмітрый Царук. Памілаваны таксама плывец і кандыдат у майстры спорту, асуджаны да «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту Дзмітрый Шчамер.

Фігуранты «справы дваровых чатаў»

Па «справе дваровых чатаў» на волі апынуліся 27 палітвязняў, большасць з якіх — жанчыны. Сярод іх — 53-гадовая Вольга Матусевіч, 46-гадовая Таццяна Мінец, 58-гадовая Рыта Навумава, 62-гадовая Марына Петражыцкая.

Таксама ў спісе памілаваных 58‑гадовая палітзняволеная Марэт Валюк. Жанчына мае другую непрацоўную групу інваліднасці, выдаленую шчытападобную залозу і мае патрэбу ў рэгулярным прыёме лекаў. Марэт затрымалі па «справе дваровых чатаў» восенню 2024 года. Яе абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-1) і летам 2025 года асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі.

Вызваленую Марыю Дзейчык на волю чакалі трое дзяцей. Яе затрымалі ў кастрычніку 2024 года і абвінавацілі па «справе чатаў» паводле ч. 3 арт. 361‑1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці ці варажнечы). Ёй прызначылі два гады дзевяць месяцаў калоніі, а таксама 1 000 базавых велічынь штрафу.

Палітвязні з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем 

У мінімум дзевяці памілаваных палітвязняў былі сур’ёзныя праблемы са здароўем і інваліднасць. Так, Ігар Шумілаў мае інваліднасць трэцяй групы — раней ён трапіў у ДТЗ і страціў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой. Яго асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі. 

Журналіст Алег Супрунюк, які таксама ў спісе, мае інваліднасць па слыху. У калоніі яму не далі магчымасці карыстацца слыхавым апаратам. З гэтай прычыны Алег практычна нічога не чуў і меў вялізныя праблемы ў камунікацыі з іншымі людзьмі. Ён быў асуджаны да трох гадоў калоніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».

У пяці памілаваных за кратамі застаюцца сваякі 

У некаторых вызваленых за кратамі яшчэ застаюцца сваякі і блізкія. Так, у дэпартаванай журналісткі Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай) у няволі ўтрымліваецца муж Ігар Ільяш, асуджаны за журналісцкую дзейнасць да чатырох гадоў калоніі. У 21-гадовага Мікіты Залатарова за кратамі бацька Міхаіл Лапуноў.

У памілаванага і асуджанага па «справе дваровых чатаў» Сяргея Дароніна ў калоніі засталася жонка Наталля, якую асудзілі па гэтай жа справе.

Трох праваабаронцаў выдварылі з краіны

19 сакавіка былі памілаваныя намеснік старшыні «Вясны» і былы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, а таксама праваабаронца з Human Constanta Наста Лойка.

Марфу Рабкову затрымалі 17 верасня 2020 года. Яе ўтрымлівалі за кратамі пяць з паловай гадоў. Пазней праваабаронцу асудзілі да 15 гадоў зняволення і велізарнага штрафу. У зняволенні ў Марфы моцна пагоршылася здароўе.

Валянціна Стэфановіча ўтрымлівалі за кратамі больш за чатыры гады і восем месяцаў. 14 ліпеня 2021 года яго затрымалі разам з Уладзем Лабковічам і Алесем Бяляцкім. У сакавіку 2023‑га вясноўцам прызначылі вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. 

Наста Лойка ўтрымлівалася ў зняволенні больш за тры гады і тры месяцы. У чэрвені 2023‑га году ў Мінскім гарадскім судзе палітзняволенай прызначылі 7 гадоў калоніі за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі». У няволі на Насту аказваўся ціск: напрыканцы летам 2025 году Насту змясцілі на шэсць месяцаў у памяшканне камернага тыпу.

Памілаваныя пяць журналістаў

19 сакавіка з краіны выдварылі журналістку «Белсата» Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву). Яе затрымалі пасля жывога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы Перамен» у Мінску 15 лістапада 2020 года. Журналістку асудзілі на два гады калоніі. У 2022 годзе Кацярыну асудзілі за «здраду дзяржаве» да 8 гадоў і трох месяцаў у калоніі.

Памілавалі і пакінулі ў Беларусі яшчэ чатырох палітзняволеных журналістаў: Антона Казельскага, Аляксандра Марчанку, Алега Супрунюка, Дзмітрыя Наважылава. Усіх, акрамя апошняга, асудзілі да трох гадоў калоніі. Былога дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Дзмітрыя асудзілі да васьмі гадоў калоніі.

Мінімум 42 фігуранты «справы Гаюна»

Паводле інфармацыі «Вясны», па «справе Гаюна» вызвалілі мінімум 42 палітвязні. Сярод іх — асуджаныя як да калоніі, так і да «хіміі», а таксама да «хатняй хіміі».

У спіс памілаваных трапіла і грамадзянка Расіі Яраслава Хромчанкава. Гомельскі абласны суд прызначыў ёй тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Таксама вызвалілі каардынатара пошукавага атрада «Анёл», якога пасадзілі за «садзейнічанне экстрэмізму». Максіма Федаровіча асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мужчыну судзілі за дзевяць выпадкаў перадачы даных у «Гаюн». Таксама яму прызначылі штраф — 500 базавых велічынь. 

Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што затрыманні і суды па гэтай справе адбываюцца да гэтага часу. «Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 183 пацверджаных фігурантаў справы, якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна большая — праваабаронцам вядома пра шэраг затрыманняў, якія адбыліся ў апошнія тыдні.

15 асуджаных за салідарнасць з палітвязнямі

Паводле інфармацыі «Вясны», памілавалі 13 жанчын і двух мужчын, якіх асудзілі за салідарнасць з палітвязнямі. Частка памілаваных жанчын старэйшая за 50 гадоў: асуджанай за салідарнасць з палітвязнямі Наталлі Жыгар з Брэста — 69 гадоў, Алене Вярбіцкай — 70 гадоў, Алене Тапарковай — 55 гадоў, Вользе Лоцманавай — 53 гады, Аксане Ляпко — 51 год.

Таксама памілавалі 61‑гадовую палітзняволеную Наталлю Ладуцьку, якую летась прызналі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і асудзілі яе да чатырох гадоў пазбаўлення волі і 600 базавых адзінак штрафу (24 000 рублёў).

Яшчэ адна памілаваная — шматдзетная маці Наталля Давыдуліна. У іх з мужам вялікая сям'я — пяцёра дзяцей, з якіх адна дачка цяпер яшчэ ў малодшай школе. Адзін з сыноў Наталлі, Дзяніс Давыдулін — былы палітвязень. Яго затрымалі ў сакавіку 2021‑га і прысудзілі паўтара года калоніі па палітычнай справе. Наталлю затрымалі падчас «рэйду па салідарнасці» з палітвязнямі 23‑24 студзеня 2024 года. У выніку яе асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У студзені 2024 года ў Беларусі супрацоўнікі КДБ зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных. Прычынай стала дапамога сем'ям палітвязняў, у тым ліку ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую напярэдадні ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Прозвішча палітвязня Аляксандра Лыкшына таксама ў спісе. Яго двойчы судзілі па палітычных справах, апошні раз — па справе ініцыятывы «письмо.бел». Яшчэ два фігуранта гэтай справы — Аляксандр Мазура і Павел Каранюхін — застаюцца ў зняволенні. «Письмо.бел» — сэрвіс для адпраўкі лістоў зняволеным, якім карысталіся тысячы беларусаў. Ініцыятыву прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» ужо пасля затрымання палітвязняў. Фігурантаў асудзілі да пазбаўлення волі паводле арт. 361‑1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Тры палітвязні, якіх судзілі па «справе Рэвалюцыйнага дзеяння». Іх усіх дэпартавалі

Па «справе Рэвалюцыйнага дзеяння» памілавалі і выдварылі з краіны трох палітзняволеных: Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, а таксама праваабаронцу Марфу Рабкову, якую судзілі разам з імі. Аляксандра і Паўла затрымалі 2 сакавіка 2021 года, у межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Брэсцкай вобласці. У выніку ім прызначылі па сем з паловай і восем гадоў калоніі адпаведна.

Усім выдвараным не аддалі пашпарты.

11 палітвязняў, якіх асудзілі за данаты

Паводле звестак «Вясны», 11 палітвязняў са спіса памілаваных былі асуджаныя за данаты («фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»). Гэта 57‑гадовы асуджаны да «хіміі» Ігар Губарэвіч; 56‑гадовая асуджаная да калоніі Жанна Дашкевіч; 47-гадовы Павел Харытонаў, асуджаны да пяці гадоў калоніі. Сярод іх таксама 31-гадовая Надзея Каранкевіч — за данаты яе асудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі. З жаночай калоніі павінны былі вызваліць 37-гадовую Алену Шапкіну, якой прызначылі пяць гадоў зняволення за данаты.

Памілавалі таксама 58-гадовага Уладзіміра Сітковіча, якому за данаты прызначылі тры гады калоніі. Вядома, што Уладзімір мае праблемы са здароўем. Некалькі гадоў таму ў яго знайшлі ракавую пухліну, якую аперавалі. Але пасля затрымання ніякіх медыцынскіых абследаванняў не праводзілі, таксама не дазвалялі прымаць лекі. Таксама незадоўга да арышту палітвязень ляжаў у бальніцы праз праблемы з ціскам.

Мінімум 28 асуджаных за ўдзел у пратэстах 

Паводле інфармацыі «Вясны», як мінімум 28 памілаваных палітзняволеных былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту па ўсёй Беларусі. Сярод іх — фігурант «пінскай справы» Сяргей Маўшук. Яму прызначылі шэсць з паловай годоў калоніі за ўдзел у пратэстах у Пінску. Ягоную жонку Алену Маўшук памілавалі і дэпартавалі ў лютым 2025 года.

Чытайце таксама:

Пальчыс, Андрэева, Лойка і іншыя імёны — пасля візіту амерыканскіх дыпламатаў у Мінск вызвалілі 250 палітвязняў

Спіс палітвязняў, вызваленых 19 сакавіка — і дэпартаваных, і тых, хто застаецца ў Беларусі

Лукашэнка пракаментаваў вызваленне палітвязняў і лёс 235, што застаюцца ў краіне

Каментары да артыкула