У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце
Іх арыштавалі разам, але Наталля ўжо паўтара года сядзіць у СІЗА.
Сяргей Даронін. Фота з ягонай старонцы ў «Аднакласніках»
У спіс памілаваных 19 сакавіка 2026 года трапіў Сяргей Даронін — не надта медыйны чалавек, у базах палітвязняў нават не было яго фатаграфіі. Мы ледзь знайшлі толькі такі здымак Сяргея, з уласнага падворка.
Сяргею 51 год. Ён з Горак. Мяркуючы па сацсетках, працаваў звычайным рабочым.
Дароніна арыштавалі ў кастрычніку 2024 падчас аблавы на ўдзельнікаў дваровых і гарадскіх супольнасцяў. За гэта яму прысудзілі два з паловай года зняволення — за «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361‑1 Крымінальнага кодэкса).
Разам з Сяргеем арыштавалі і жонку, 52‑гадовую Наталлю Дароніну. Яна родам з Санкт-Пецярбурга, але большую частку жыцця пражыла ў Беларусі, у Горках. Раней мела статус індывідуальнай прадпрымальніцы, гандлявала ў кіёску.
Наталлі выставілі абвінавачанні па больш цяжкіх артыкулах — удзел у экстрэмісцкім фарміраванні (ч. 3 арт. 361-1) і ўдзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 КК).
19 сакавіка ў яе быў фінальны суд. Наталлі прысудзілі 8,5 гадоў калоніі.