БЕЛ Ł РУС

Бацька са Слуцка папрасіў дзяржаву забраць яго дзяцей дзеля аднаўлення маральных сіл

22.03.2026 / 12:50

Nashaniva.com

Адмову ад дзяцей мужчына патлумачыў неабходнасцю «аднавіць маральныя сілы», каб працягваць юрыдычную барацьбу з былой жонкай.

Шматдзетны бацька са Слуцка звярнуўся да дзяржавы з шакавальнай просьбай: узяць на выхаванне яго траіх непаўналетніх дзяцей.

У сацыяльных сетках з'явіўся відэазварот жыхара Слуцка, у якім ён эмацыянальна выкладае сваю праблему і выстаўляе нестандартныя патрабаванні, распавядае «Мінская праўда». Мужчына кажа, што звяртаўся да старшыні Слуцкага райвыканкама з просьбай узяць на выхаванне траіх яго непаўналетніх дзяцей. Двое дзяцей, якія пражывалі з ім, былі прыняты на апеку дзяржавы, а ў дачыненні да трэцяга — адмовілі.

Мужчына абураны тым, што дзяржава пагадзілася ўзяць дваіх дзяцей, але адмовіла ў прыёме трэцяга — той пражывае з маці. У сваім звароце ён пытаецца: «Няўжо ў дзяржавы няма трэцяй талеркі супу?»

Мужчына гатовы нават адмовіцца ад кватэры і сямейнага капіталу, абы «дзяржава знайшла міску супу» для трэцяга дзіцяці.

Шматдзетны бацька, піша выданне, адчувае моцную крыўду на былую жонку і з-за гэтага гатовы адмовіцца ад дзяцей — паводле яго слоў, каб «аднавіць маральныя сілы» і працягнуць юрыдычную барацьбу з ёю. Ён мае намер абскардзіць раней вынесеныя рашэнні Слуцкага раённага суда ў Вярхоўным і Канстытуцыйным судах.

Ва ўпраўленні па адукацыі Слуцкага райвыканкама пракаментавалі сітуацыю: трэцяе дзіця сапраўды жыве з маці, і там створаны ўсе неабходныя ўмовы. Пра яго клапоцяцца, яго любяць і забяспечваюць усім патрэбным. Маці катэгарычна не збіраецца перадаваць дзіця на апеку дзяржавы або адмаўляцца ад яго выхавання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула