БЕЛ Ł РУС

Мінск выдае за «зніжкі» звычайныя тарыфы «Белмытсэрвіса». Колькі заплацяць за прастой фур літоўскія перавозчыкі?

23.03.2026 / 18:45

Nashaniva.com

Пасля чарговага візіту спецпасланніка ЗША па Беларусі Джона Коўла ў Мінск Аляксандр Лукашэнка паабяцаў з панядзелка пачаць выпускаць літоўскія фуры. Першапачаткова ўлады планавалі браць за суткі захоўвання па 120 еўра, але пасля агучылі, што цэны за паркоўку будуць у разы меншыя. Перавозчыкі падзяліліся інфармацыяй, колькі ім трэба заплаціць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Літоўскія грузавікі, прычэпы і паўпрычэпы не маглі выехаць з Беларусі з лістапада 2025 года — беларускія ўлады перасталі іх выпускаць у адказ на закрыццё мяжы літоўскім бокам. Для іх захоўвання быў уведзены адмысловы драконаўскі тарыф — 120 еўра за суткі, што было нашмат больш, чым прадугледжвалася раней. Па апошніх даных, у Беларусі застаецца каля 1900 адзінак транспарту з літоўскай рэгістрацыяй.

У панядзелак мытнікі паведамілі, што аплата за захоўванне фур «у разы ніжэйшая за вызначаную раней». Для прычэпаў і паўпрычэпаў — у 7 разоў, а для цягачоў — у 2—3 разы, але дакладныя лічбы не называліся.

Перавозчыкі, якія ўжо паспелі ўдакладніць інфармацыю, кажуць, што так званымі зніжкамі ў 3—7 разоў на самой справе называюць звычайныя тарыфы ад «Белмытсэрвіса».

Гэта каля 164 рублёў за цягач з паўпрычэпам. Калі стаіць толькі цягач, то гэта 110 рублёў, а калі толькі прычэп — 54 рублі за суткі захоўвання.

Стандартныя тарыфы на паслугі СЧХ. Скрыншот: declarant.by

Такім чынам, атрымліваецца, што за адну фуру трэба будзе аддаць больш за 20 тысяч рублёў (каля 5800 еўра), калі весці адлік ад 20 лістапада, калі фуры з літоўскімі нумарамі перасталі выпускаць з Беларусі.

Калі б застаўся адмысловы тарыф на 120 еўра, то за аналагічны чатырохмесячны прастой літоўскім перавозчыкам давялося б аддаць каля 15 тысяч еўра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула