БЕЛ Ł РУС

ЗША на перамовах з Украінай патрабуюць вываду войск з Данбаса

24.03.2026 / 11:43

Nashaniva.com

«Амерыканцы кажуць: «Выйдзіце з Данбаса, і мы пабудуем для вас рай, як дамовіліся на Алясцы».

Украінскія вайскоўцы на Данбасе. Фота: Narciso Contreras / Anadolu Agency via Getty Images

ЗША на перамовах з Украінай патрабуюць вывядзення войскаў з астатніх частак Данбаса, якія знаходзяцца пад кантролем Кіева, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы. Апошні раўнд перамоў паміж дзвюма краінамі адбыўся 21‑22 сакавіка.

Паводле слоў аднаго з чальцоў каманды Уладзіміра Зяленскага, які выступаў на ўмовах ананімнасці, Кіеў пастаянна вымушаны спрачацца з дамоўленасцямі, дасягнутымі Расіяй і ЗША на саміце ў Анкорыджы.

«То бок, аб чым бы мы ні гаварылі, усё заўсёды зводзіцца да таго, што амерыканцы кажуць: «выйдзіце з Данбаса, і мы пабудуем для вас рай, як дамовіліся на Алясцы», — сказаў суразмоўца выдання.

Паводле яго слоў, улады ЗША не бачаць, «дзе мы можам дамовіцца па галоўным пытанні», што можа прывесці да іх выхаду з перамоўнага працэсу і засяроджвання на Іране, прамежкавых выбарах у кангрэсе і іншых пытаннях.

«Яны нават гатовы на рэальныя гарантыі бяспекі для нас, калі мы выйдзем з Данбаса. Але як гэта рэалізаваць ва Украіне, проста не ўяўляю», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула