Прэзідэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі: «Ваша рашучасць і стойкасць натхняюць»
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа звярнуўся да беларускага народа з нагоды Дня Волі. У сваім віншаванні ён падкрэсліў непахісную падтрымку дэмакратычных памкненняў Беларусі і адзначыў глыбокую гістарычную сувязь паміж дзвюма краінамі. Прыводзім тэкст.
Гітанас Наўседа. Фота: «Наша Ніва»
Ад імя народа Літвы хачу павіншаваць усіх беларусаў, якія сёння адзначаюць Дзень Волі. Гэты дзень сімвалізуе ваша нястомнае імкненне да свабоды, незалежнасці і суверэнітэту і з’яўляецца вельмі важным для ўсіх людзей, якія шануюць правы чалавека і дэмакратыю.
Як вашы суседзі, мы зблізку назіраем за вашай адважнай барацьбой за гэтыя агульначалавечыя каштоўнасці. Ваша рашучасць і стойкасць натхняюць мноства людзей і ўсёй міжнароднай супольнасці пастаянна нагадваюць, наколькі важнай з’яўляецца салідарнасць народаў і паслядоўная падтрымка тых, хто імкнецца да сваіх асноўных правоў.
Дзень Волі — гэта не толькі дзень, калі вы ўспамінаеце сваю барацьбу за свабоду на розных гістарычных этапах і ахвяры тых, хто змагаўся за свабодную волю народа. Гэта таксама дзень разважанняў аб будучыні — еўрапейскай будучыні Беларусі, у якой усе беларусы будуць карыстацца ўсімі свабодамі і магчымасцямі, якіх яны вартыя.
Літву і Беларусь яднае агульная шматвяковая гісторыя, агульная культурная спадчына і блізкія чалавечыя сувязі. Літва актыўна падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць і імкнецца паспрыяць таму, каб галасы беларусаў у міжнароднай супольнасці былі пачутыя.
Сёння, як і кожны дзень, хачу яшчэ раз запэўніць, што падтрымка Літвой дэмакратычнай Беларусі, яе незалежнасці і суверэнітэту з’яўляецца непахіснай. Мы падтрымліваем волю ўсіх людзей Беларусі жыць у свабоднай і дэмакратычнай дзяржаве. Літва прызнае імкненні, выказаныя беларускімі дэмакратычнымі сіламі і іх лідаркай Святланай Ціханоўскай, будаваць дэмакратычную і еўрапейскую будучыню Беларусі.
Жадаю заставацца моцнымі і адзінымі перад тварам усіх выклікаў, з якімі вы сутыкаецеся штодня. І далей змагайцеся за свабоду сваёй краіны, не дазваляйце выкарыстоўваць сваю дзяржаву ў расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
Няхай гэты Дзень Волі будзе маяком надзеі, які асвятляе шлях да лепшай будучыні Беларусі — такой, у якой трыумфуюць дэмакратыя, справядлівасць і правы чалавека. Няхай гэты дзень наблізіць вас усіх да ажыццяўлення імкнення да свабоднай, незалежнай, квітнеючай і еўрапейскай Беларусі.
Gyvuok, Baltarusija! Жыве Беларусь!