Заснавальніка парталаў па арэндзе жытла асудзілі за палітыку. Ягоныя праекты — «Кватэры для вас» і «ТутКут»
Сяргей Рабцаў шмат гадоў развіваў беларускія сэрвісы пошуку кватэр на суткі і ствараў ІТ-рашэнні для аўтаматызацыі бізнэсу арэндадаўцаў — kdv.by (Кватэры для вас) і tutkut.by. Нядаўна яго асудзілі па палітычным крымінальным артыкуле і кінулі за краты.
Сяргей Рабцаў. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Сяргей Рабцаў нарадзіўся ў 1981 годзе. Ён родам са Жлобіна, але апошнім часам жыў у Мінску. У 2003 годзе мужчына атрымаў вышэйшую адукацыю: ён скончыў аўтатрактарны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Кар'ера Рабцава пайшла зусім іншым шляхам — ён стаў прыкметнай фігурай у сферы нерухомасці.
Рабцаў вядомы як сузаснавальнік і ідэйны натхняльнік беларускіх парталаў па арэндзе кватэр на суткі tutkut.by і kdv.by («Кватэры для Вас»). Сяргей не проста здаваў жыллё: ён быў адмінам буйных тэматычных супольнасцяў для тых, хто працуе ў гэтай сферы ў Беларусі і Расіі. Таксама ён з'яўляецца саўладальнікам кампаніі «Элоджын» (Alodging), якая распрацавала мабільны дадатак для аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў арэндадаўцаў. Кампанія імкліва развівалася і нават мела партнёрскія праграмы з буйнымі плацежнымі сістэмамі накшталт WebPay.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне бізнэсовец эмацыйна выказваўся ў сацсетках. «Заставайцеся ўсе жывымі! Гэтая вайна нікому не патрэбная. Ні РБ, ні РФ, ні Украіне. Гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Калі ў цябе трое дзяцей і яны адзін аднаго забіваюць? Гора агульнае», — пісаў Сяргей у канцы лютага 2022 года.
У Сяргея ёсць сям'я і двое дзяцей-падлеткаў.
Рабцава арыштавалі ў другой палове 2025 года. Яго асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Цяпер мужчына ў зняволенні — у калоніі ці на «хіміі» з накіраваннем. У сацсетках ён так і не з'явіўся анлайн.
Чытайце таксама:
Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі
Былога памежніка і кіроўцу «Трансгаза» з Новалукомля асудзілі за палітыку