БЕЛ Ł РУС

Учора «Брама Мінска» ледзь не паплыла па дзіўнай прычыне

26.03.2026 / 12:03

Nashaniva.com

Камунальнікі часта кажуць пра самую вялікую праблему новых дамоў — засоры каналізацыі з-за таго, што жыхары змываюць у яе розныя непрыдатныя прадметы. То будаўнічыя матэрыялы кідаюць ва ўнітаз, то вільготныя сурвэткі.

Фота: Wikimedia Commons

Аказваецца, гэтая праблема актуальная і для старога фонду. «Брама Мінска» засталася без вады па вельмі дзіўнай прычыне. Падрабязнасці расказалі ў тэлеграм-канале Кастрычніцкага раёна.

Учора ўначы па заяве ад жыхароў у доме №2 па вуліцы Кірава працавала аварыйная служба, якая адключыла водазабеспячэнне, каб прадухіліць затапленне шматлікіх кватэр. Учора раніцай да справы прыступілі спецыялісты ЖЭС №1 Кастрычніцкага раёна. Яны змагаліся з засорам, які ўтварыўся ў каналізацыі.

Прычына была выяўлена хутка: хтосьці змыў па стаяку напаўняльнік для катоў. Здавалася б, чым страшным можа скончыцца гэта, на першы погляд, нявіннае дзеянне?

Рэч у тым, што, патрапіўшы ў каналізацыю, матэрыял ператварыўся ў «камень» і не паддаваўся механічнаму ўздзеянню. Была яшчэ адна складанасць: час заняў дэмантаж абшыўкі нішы з камунікацыямі.

Праца ў выніку доўжылася да абеду. Засор ліквідавалі, водазабеспячэнне аднавілі. Цяпер жыхары ў курсе, што напаўняльнік лепш утылізаваць іншым спосабам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула