БЕЛ Ł РУС

«Атрутай упрыгожылі клумбу»: працяг гісторыі са знойдзеным пацучыным ядам у Мінску

27.03.2026 / 13:23

Nashaniva.com

Два тыдні таму ў Onliner звярнулася чытачка: у цэнтры горада на пляцоўцы для выгулу сабак і паблізу хтосьці, верагодна, раскідаў пацучыны яд.

Нагадаем сутнасць гісторыі. Па словах чытачкі Міры, 12 сакавіка побач з ЖК «Фарфоравы» (раён вуліцы Крапоткіна) па дарозе ў парк яна сустрэла знаёмую, таксама гаспадыню сабакі. Дзяўчына прапанавала разам пайсці на спецыяльную пляцоўку для сабак, але ў адказ пачула гісторыю аб знойдзеным там пацучыным ядзе.

— Мяне гэта жахнула! Бо раскідалі не толькі ўнутры плота, але і на полі побач. Там недалёка дзіцячая пляцоўка, і, хоць яшчэ холадна, але ўсё роўна хтосьці і з дзецьмі можа ісці, а атрута яркая і прыцягвае ўвагу. 

Заяву ў міліцыю напісаў Яраслаў. Мужчына расказаў, што пра дзіўную знаходку даведаўся з дамавога чата.

— Я сарваўся з працы, прыехаў паглядзець — сапраўды ляжалі гранулы, вельмі падобныя на пацучыны яд. Іх складана з чымсьці пераблытаць, да таго ж рызыкаваць усё роўна не варта. Каб папярэдзіць іншых сабачнікаў, я павесіў аб'яву. Затым патэлефанаваў у міліцыю і напісаў заяву. 

У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама пацвердзілі, што па факце здарэння праводзіцца праверка.

Але на гэтым гісторыя не скончылася. Міра вырашыла папярэдзіць іншых сабачнікаў аб патэнцыйнай небяспецы.

Чытачка чула аб падобных выпадках у раёнах вуліц Альшэўскага і Уманскай (каля ГЦ «Глоба»), у Малінаўцы і ў Партызанскім раёне.

Праз два тыдні журналісты звязаліся з Яраславам — тым самым мужчынам, які звярнуўся ў міліцыю з-за знойдзенага яду на Крапоткіна.

— Пляцоўка ўжо адкрыта, нехта ўжо вярнуўся на яе са сваімі гадаванцамі. Але большасць усё яшчэ пазбягаюць, — расказаў мужчына.

У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама нам расказалі, што праверка ўсё яшчэ вядзецца.

Тым часам у рэдакцыю звярнулася яшчэ адна чытачка. Дзяўчына прыслала фота дзіўных ружовых гранул, заўважаных на днях у двары дома на Ігуменскім тракце. Мінчанка расказала, што пра дзіўную знаходку паведаміла ў чат-бот міліцыі.

«Каля суседняга дома ў нас атрутай упрыгожылі клумбу. Нават з пункту гледжання батанікі цікава: а вось пойдзе дождж, пацучыны яд убярэцца ў зямлю, і хана ўсім нарцысам і браткам. Дзеці могуць прынесці на нагах. Дзеці могуць нават паесці з зямлі», — абураецца чытачка.

Падобнае рэчыва заўважыў жыхар дома на праспекта Незалежнасці. «Ля 4 пад'езда хтосьці насыпаў пацучынай атруты», — папярэдзіў суседзяў Аляксандр у дамавым чаце.

«У сябе ў пасёлку за 1,5 км ад Мінска знайшла вось гэта на дарогах. Начыталася, што таксама атрута, але не сцвярджаю», — расказала Вераніка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула