БЕЛ Ł РУС

Мужчына спрабаваў задушыць дзяўчыну проста на вуліцы

27.03.2026 / 14:11

Nashaniva.com

Жыхар Магілёўскай вобласці напаў на 20‑гадовую дзяўчыну. Дзякуючы маладой пары, якая праходзіла міма, пацярпелую ўдалося выратаваць. У выніку мужчына паўстаў перад судом — яго абвінавацілі ў замаху на забойства.

Вядома, што ўсё адбылося ў верасні 2025 года ў горадзе Круглае. У той дзень падазраваны знаходзіўся ў людным месцы — побач з перасячэннем дзвюх вуліц. У нейкі момант проста там ён беспрычынна напаў на незнаёмую дзяўчыну.

«Схапіў яе, перанёс з ходніка ў яр, паваліў на зямлю і пачаў душыць за шыю», — паведамілі падрабязнасці ў пракуратуры.

У гэты ж час міма праходзіла сямейная пара з дзіцем. Маладыя людзі адразу прыйшлі на дапамогу пацярпелай. Пасля гэтага яны выклікалі міліцыю.

Падазраваным аказаўся 44‑гадовы мясцовы жыхар. Высветлілася, што раней ён адбыў 16‑гадовы тэрмін — пакаранне было прызначана за забойства жанчыны.

На судзе па факце замаху абвінавачаны катэгарычна адмаўляў сваю датычнасць. Аднак з улікам усіх доказаў яго прызналі вінаватым.

Прызначанае пакаранне — 20 гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.

Таксама мужчыну абавязалі выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды — 30 тысяч рублёў. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула