Рубіа і Калас абмяняліся рэзкімі заявамі наконт Украіны
Калас раскрытыкавала ЗША за тое, што яны не ўзмацняюць ціск на Расію.
Фота: Michael Kappeler/picture alliance via Getty Images
Дзяржсакратар ЗША Марко Рубіа і высокая прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас на сустрэчы G7 абмяняліся рэзкімі каментарамі адносна вайны Расіі супраць Украіны. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Axios.
Падчас абмеркавання сітуацыі ва Украіне Калас раскрытыкавала ЗША за тое, што яны не ўзмацняюць ціск на Расію. Яна згадала, як год таму Рубіа паведаміў, што ЗША будуць прымаць меры супраць Расіі, калі яна перашкаджае намаганням Штатаў па спыненні вайны.
«Прайшоў год, а Расія не зрушыла з месца. Калі ж скончыцца ваша цярпенне?» — спытала Калас.
Рубіа быў раздражнёны такім пытаннем. «Мы робім усё магчымае, каб пакласці канец вайне.
Калі вы лічыце, што можаце зрабіць гэта лепш — калі ласка. Мы адступім у бок», — адказаў ён.
Рубіа таксама дадаў, што ЗША вядзе перамовы з абедзвюма старанамі, пры гэтым дапамагаючы толькі Украіне зброяй, разведданымі і іншай падтрымкай.
Пасля гэтага дыялогу некалькі еўрапейскіх міністраў уступілі ў размову і заявілі, што хочуць, каб ЗША працягвалі шлях дыпламатыі.
Паводле крыніц, напрыканцы сустрэчы Рубіа і Калас ненадоўга адышлі ў бок, каб паспрабаваць супакоіць абстаноўку.
У размове з журналістамі пасля сустрэчы G7 Дзяржсакратар ЗША адпрэчыў любое напружанне ці крытыку: «Гэтыя сустрэчы часта прысвечаныя выказванню падзякі Амерыцы за нашу ролю… І прызнанню пасярэдніцкай ролі, якую мы імкнуліся адыграць у гэтай вайне паміж Расіяй і Украінай. Ніхто там не крычыць, не павышае голас і нічога негатыўнага не кажа», — сказаў ён.