БЕЛ Ł РУС

Фінляндыя ініцыявала праверку, ці сапраўды аплачаная Еўропай амерыканская зброя ідзе Украіне

28.03.2026 / 16:17

Nashaniva.com

Фінляндыя мае намер праверыць, ці сапраўды зброя з ЗША, якую еўрапейскія краіны набываюць для Украіны ў межах праграмы PURL, паступае туды, куды яна прызначана. Пра гэта паведаміў міністр абароны Фінляндыі Анці Хякянен у інтэрв’ю Euronews.

Анці Хякянен. Фота: Facebook / Antti Häkkänen

Паводле слоў фінскага міністра, у Еўропе ўзнікла занепакоенасць з-за таго, што вайсковыя рэсурсы ЗША могуць скарачацца з-за канфлікту ў Іране, а таксама з’явіліся паведамленні, што частку гэтых рэсурсаў могуць накіраваць на Блізкі Усход.

У сувязі з гэтым Фінляндыя хоча ўпэўніцца, што ЗША выконваюць свае абавязацельствы па кантрактах з краінамі НАТА, якія купляюць амерыканскую зброю для Украіны.

Хякянен адзначыў, што выкарыстанне сродкаў пастаянна кантралюецца, і пакуль ёсць упэўненасць, што сістэма працуе. Аднак калі з’явяцца праблемы, падыход могуць перагледзець.

Гэтае пытанне стала асабліва актуальным пасля паведамленняў выдання Washington Post, дзе са спасылкай на крыніцы гаварылася, што Пентагон разглядае магчымасць перанакіравання зброі, прызначанай для Украіны, у іншыя рэгіёны з-за недахопу боепрыпасаў.

Сярод такой зброі называюць ракеты для сістэм супрацьпаветранай абароны, якія закупляюцца ў межах праграмы PURL. Пры гэтым канчатковае рашэнне, як сцвярджае дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, яшчэ не прынята.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, каментуючы сітуацыю, заявіў, што падобнае перанакіраванне адбываецца рэгулярна: зброю могуць браць з аднаго напрамку і выкарыстоўваць на іншым.

У той жа час міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус адзначыў, што не мае пацвярджэння таго, што зброя, набытая па праграме PURL, сапраўды перанакіроўваецца.

Чытайце таксама:

Рубіа пацвердзіў, што ЗША могуць перанакіраваць зброю, прызначаную для Украіны, на Блізкі Усход

Пентагон можа перанакіраваць пастаўкі зброі, прызначанай для Украіны, у Іран

Трамп: Калі для Еўропы вайна ў Іране — не іх вайна, то і вайна ва Украіне — не наша

Зяленскі: ЗША хочуць, каб Украіна выйшла з Данбасу ў абмен на гарантыі бяспекі

Прэзідэнт Германіі: Адносіны з Масквой і Вашынгтонам ніколі не будуць ранейшымі

Каментары да артыкула