БЕЛ Ł РУС

Пентагон рыхтуе наземную аперацыю ў Іране

29.03.2026 / 10:08

Nashaniva.com

Міністэрства абароны ЗША распрацавала планы правядзення лакальных наземных аперацый на тэрыторыі Ірана, якія могуць працягвацца ад некалькіх тыдняў да двух месяцаў. 

Фота: Mario Tama / Getty Images

Гаворка ідзе не пра паўнавартаснае ўварванне, а пра кропкавыя рэйды сіл спецыяльных аперацый і пяхоты. Асноўнымі мэтамі разглядаюцца захоп вострава Харк — ключавога нафтавага хаба Ірана і знішчэнне берагавых вайсковых аб'ектаў у раёне Армузскага праліва, паведамляе The Washington Post са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў.

Захоп іранскай тэрыторыі створыць каштоўныя козыры ў будучых перамовах. Найбольшай праблемай, дадаў суразмоўца выданню на ўмовах ананімнасці, будзе абарона амерыканскіх войскаў, якія ўтрымліваюць тэрыторыю.

«Вам трэба забяспечыць прыкрыццё людзям на востраве Харк, — сказаў суразмоўца. —Гэта складаная задача. Захапіць яго нескладана. Абараніць сваіх хлопцаў, калі яны там апынуцца, — складана».

Адміністрацыя Трампа пакуль дэманструе супярэчлівую рыторыку. У той час як сам прэзідэнт ЗША адмаўляе планы па адпраўцы войскаў, яго прэс-сакратар Каралін Лівіт папярэджвае аб гатоўнасці «развязаць пекла», калі Тэгеран не адмовіцца ад ядзерных амбіцый.

Пры гэтым дзяржсакратар Марка Рубіа настойвае, што мэты ЗША могуць быць дасягнуты і без наземных сіл.

Ваенныя эксперты папярэджваюць аб каласальных рызыках: амерыканскія падраздзяленні на іранскай зямлі стануць мішэнямі для масаваных атак дронамі, ракетамі, самаробнай выбухоўкай. Улічваючы, што за апошні месяц у рэгіёне ўжо загінулі 13 амерыканскіх вайскоўцаў, а больш за 300 атрымалі раненні, наземная фаза можа рэзка павялічыць спіс страт.

Сітуацыю ўскладняе і грамадская думка: паводле апытанняў, больш за 60% амерыканцаў катэгарычна супраць адпраўкі салдат у Іран.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула