БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская: Мы заклікаем ЗША не ціснуць на Літву наконт санкцый

30.03.2026 / 11:42

Nashaniva.com

«Калі санкцыі адносна калійных угнаенняў будуць адмененыя, гэта толькі ўмацуе рэжым», — мяркуе дэмакратычная лідарка.

Фота: Lookby.Media

Святлана Ціханоўская кажа, што пастаянна падтрымлівае сувязь з партнёрамі ў ЗША і заклікае іх не аказваць ціск на краіны ЕС дзеля змякчэння санкцый супраць Беларусі, паведамляе BNS.

«Мы пастаянна камунікуем з амерыканскімі партнёрамі і заклікаем іх не аказваць ціск на краіны ЕС, у першую чаргу на Літву, каб гэтыя краіны адменілі еўрапейскія санкцыі», — у панядзелак у Сейме журналістам сказала Ціханоўская.

«Усе разумеем, што калі, напрыклад, санкцыі адносна калійных угнаенняў будуць адмененыя, гэта толькі ўмацуе рэжым, дасць больш сродкаў для рэпрэсій і вайны ва Украіне», — дадала яна.

Ціханоўская таксама заклікала еўрапейскіх партнёраў захоўваць паслядоўнасць і не капіяваць палітыку прэзідэнта Трампа адносна Лукашэнкі, пасля таго як ЕС увёў санкцыі супраць Мінска за дапамогу Расіі ў вайне супраць Украіны.

«Прэзідэнт Трамп мае дастатковую ўплывовасць, каб дапамагчы беларусам вызваліць усіх палітвязняў. Але просім еўрапейцаў захаваць моцныя карты для больш важных крокаў, бо вызваленне палітвязняў — наш прыярытэт, аднак наша задача — вызваліць усю краіну», — сказала яна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула