Літоўскі бізнэсмен прапанаваў дазволіць транзіт беларускіх угнаенняў, а грошы траціць на абарону
Кіраўнік літоўскай дэвелаперскай кампаніі Hanner Арвідас Авуліс прапанаваў аднавіць транзіт беларускіх угнаенняў праз Літву, а атрыманыя за гэта грошы накіроўваць на ўзмацненне абароны краіны, піша Delfi.lt.
Арвідас Авуліс. Фота: Verslo žinios
Арвідас Авуліс лічыць, што Літва павінна захоўваць прынцыповую пазіцыю адносна Беларусі, але адначасова дзейнічаць больш прагматычна і ўлічваць эканамічную выгаду. Паводле яго слоў, можна дазволіць транзіт, пры гэтым фармальна не падтрымліваючы ўладу Аляксандра Лукашэнкі і заяўляючы пра падтрымку дэмакратычных сіл.
Разам з тым бізнэсмен адзначыў, што такі крок магчымы толькі пры пэўных умовах. Ён прапануе выкарыстоўваць транзіт як інструмент ціску: калі з боку Беларусі будуць парушэнні, напрыклад, запуск кантрабанды або нелегальная міграцыя, то транзіт можна адразу спыніць.
Падобную ідэю раней выказваў і лідар папулісцкай партыі «Зара над Нёманам» Рэмігіюс Жамайтайціс.
У той жа час прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла, што магчымасць дыялогу з Беларуссю будзе разглядацца толькі пры выкананні шэрагу ўмоў: спыненні кантрабанды праз мяжу, вяртанні затрыманых грузавікоў без штрафаў і адсутнасці нелегальнай міграцыі.
Прэзідэнт Гітанас Наўседа падкрэсліў, што адносіны з Беларуссю могуць палепшыцца толькі тады, калі яна перастане ствараць пагрозы і будзе гатовая да нармальнага суседства. Ён таксама адзначыў, што пытанне транзіту ўгнаенняў разглядаецца на ўзроўні ўсяго Еўрапейскага Саюза.
Чытайце таксама:
Ціханоўская: Мы заклікаем ЗША не ціснуць на Літву наконт санкцый
Праз порт у Клайпедзе ў мінулым годзе перавезлі каля 1 мільёна тон беларускіх і расійскіх грузаў
Наўседа: Я буду сярод тых, хто найбольш жорстка патрабуе падаўжэння санкцый ЕС супраць Беларусі