БЕЛ Ł РУС

Расійскія ўлады абавязалі адправіць кантрактнікамі ў войска не менш за 2% студэнтаў

1.04.2026 / 15:03

Nashaniva.com

У Расіі вышэйшая адукацыя атрымала дзяржаўны заказ на гарматнае мяса.

Фота з сацыяльных сетак

На закрытай нарадзе ў пачатку 2026 года міністр навукі і вышэйшай адукацыі Валерый Фалькоў паведаміў рэктарам найбуйнейшых расійскіх ВНУ, што кантракт з Мінабароны павінны заключыць не менш за 2% студэнтаў, піша Faridaily.

Адміністрацыі ўніверсітэтаў і тэхнікумаў па ўсёй Расіі настойліва прапануюць студэнтам узяць акадэмічны адпачынак, заключыць як мінімум на год кантракт з Мінабароны і адправіцца на вайну з Украінай. Першыя паведамленні пра гэта з'явіліся яшчэ ў снежні 2025 года. Пачынаючы з лютага 2026 года яны сталі масавымі. 

Паводле звестак за мінулы год, у расійскіх ВНУ навучалася 2,2 млн мужчын. Калі ВНУ ўдасца выканаць патрабаванне міністэрства, то расійская армія дадаткова атрымае мінімум 44 тысячы байцоў. Калі ж план у 2% паставілі і перад тэхнікумамі, то ўсяго кантракт заключаць 76 тысяч маладых людзей.

Улады імкнуцца завабіць студэнтаў перш за ўсё ў беспілотныя войскі. Гэта новы асобны род войскаў, які з'явіўся ў расійскай арміі мінулай восенню. Да гэтага вайскоўцы, якія працуюць з дронамі, былі часткай сухапутных, паветраных або марскіх падраздзяленняў арміі (у залежнасці ад спецыялізацыі).

Згодна з дакументамі, якія былі падрыхтаваны Мінабароны РФ для ўнутранага выкарыстання і памылкова апублікаваны на сайтах некаторых каледжаў, расійскія ўлады плануюць набраць у гэтым годзе ў беспілотныя войскі 78,8 тысяч чалавек, у тым ліку за кошт студэнтаў.

Кантракты могуць заключаць нават студэнты першых курсаў, якім у асноўным па 18—20 гадоў.

Калі ў студэнта ёсць праблемы з паспяховасцю, то яму могуць пагражаць адлічэннем. Калі ж ён пагодзіцца, то адміністрацыя абяцае закрыць вочы на дрэнную паспяховасць і нават распрацаваць для студэнта індывідуальны план навучання, калі ён вернецца з вайны.

Маладым людзям абяцаюць, што яны змогуць вярнуцца да навучання пасля заканчэння кантракта, а таксама нагадваюць пра высокія дзяржаўныя выплаты і ільготы для ўдзельнікаў вайны супраць Украіны. Акрамя таго, у стандартны набор бонусаў уваходзіць магчымасць перавесціся з платнага аддзялення на бюджэтнае. Некаторыя ВНУ, багацейшыя — напрыклад, МДУ і СПбДУ, абяцаюць студэнтам дадатковыя выплаты за свой кошт. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула