БЕЛ Ł РУС

«Кіберпартызанаў» крытыкуюць за ўзлом сайта Нацбібліятэкі — бо цяпер не працуе каталог. Тыя адказалі

1.04.2026 / 18:08

Nashaniva.com

27 сакавіка «Кіберпартызаны» ўзламалі сайт Нацыянальнай бібліятэкі. З таго часу ён не працуе, у бібліятэцы няма інтэрнэту, а чытачы не могуць шукаць кнігі праз анлайн-каталог — даводзіцца ісці ў бібліятэку. Хто вінаваты ў тым, што праца бібліятэкі часткова паралізаваная?

«Кіберпартызаны» абвясцілі пра ўзлом сайта бібліятэкі 27 сакавіка і прымеркавалі атаку да Дня Волі. На галоўнай старонцы сайта на кароткі час з’явіліся выявы з «Пагоняй», прысвечаныя Дню Волі, і надпісы «Жыве Беларусь!».

Аднак пасля акцыі ўзніклі праблемы. Людзі, якія спрабавалі скарыстацца анлайн-каталогам бібліятэкі ў апошнія дні, скардзіліся, што ён не працуе. У самой бібліятэцы паведамілі, што ў іх будынку няма інтэрнэту, а электронным каталогам можна скарыстацца толькі на месцы, пісала «Люстэрка».

Навуковец Сяргей Бесараб выказаў у фэйсбуку засцярогу, што акцыя магла пашкодзіць каталогі бібліятэкі. Крытыку акцыі выказалі і іншыя.

Прэс-сакратарка «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец пракаментавала, што цяперашнія праблемы з сайтам «нацыяналкі» не звязаныя з тым узломам. Калі каманда ўзломвае ўнутраныя сістэмы, яны пра гэта абвяшчаюць публічна:

«Падчас акцыі мы толькі змянілі на сайце Нацыянальнай бібліятэкі малюнкі, паставілі выявы з нацыянальнымі колерамі і віншаваннямі. Мы не парушалі працу сайта і нават не адключалі яго, бо сэнс акцыі, каб людзі маглі заходзіць на сайт і бачыць віншаванні. Парушылі працу сайта лукашысты, якім гэта не падабаецца».

«Кіберы» параўноўваюць гэта з тым, калі б чалавек прыйшоў да будынка бібліятэкі і павесіў на дзверы плакат з віншаваннямі — маўляў, працу будынка гэта не парушае. 

«Мы заклікаем публічных асоб быць уважлівымі ў сваіх меркаваннях на паблік: спачатку сабраць доказы, звярнуцца па каментары да нас. Лепей удакладніце, спытайце, чым адразу кідаць выдумкі і абвінавачванні без доказаў», — дадала ў каментары Шаметавец.

Чытайце таксама:

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»

«Кіберпартызаны» раскапалі новую дэталь па справе Анжалікі Мельнікавай

«Кіберпартызаны» ўзламалі «Хімвалакно» — яно пастаўляе прадукцыю для абшыўкі касак і бронекамізэлек для расійскай арміі

Каментары да артыкула