БЕЛ Ł РУС

Начальнік са Следчага камітэта ехаў п'яным, груба парушаў ПДР, біўся з даішнікамі і ўцякаў ад іх. Атрымаў «хімію»

2.04.2026 / 21:31

Nashaniva.com

П'яны намеснік начальніка аддзела Следчага камітэта ехаў па Слонімскім раёне ў машыне разам са сваім малалетнім сынам. Падчас руху ён парушаў правілы: аўтамабіль віхляў па дарозе, выязджаў на сустрэчную паласу, а сведка нават заўважыў, што кіроўца пры гэтым нешта п'е з бутэлькі. Пра гэта паведамілі супрацоўнікам ДАІ і пачалі разгортвацца падзеі, дзеліцца адшуканымі ў банку судовых рашэнняў Мінюста падрабязнасцямі судовай справы выданне «Люстэрка».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Інспектары знайшлі і спынілі гэты аўтамабіль. Яны адчулі ад кіроўцы пах алкаголю і прапанавалі прайсці праверку, але той адмовіўся і пачаў спасылацца на сваю пасаду ў Следчым камітэце, просячы яго адпусціць.

Пасля сітуацыя рэзка абвастрылася: мужчына скарыстаўся з моманту, сеў у машыну і паспрабаваў уцячы. Адзін з інспектараў на хаду заскочыў у аўтамабіль і спрабаваў яго спыніць, цягнучы ручнік. Кіроўца супраціўляўся, адштурхоўваў супрацоўніка і працягваў рух з хуткасцю каля 60 км/г на працягу прыкладна паўкіламетра.

Другі інспектар пачаў пераслед на службовай машыне. У выніку аўтамабіль усё ж спынілі, а кіроўцу затрымалі з ужываннем сілы і надзелі на яго кайданкі, бо ён працягваў супраціўляцца.

Праз паўтары гадзіны пасля затрымання мужчына прайшоў медагляд. У яго крыві знайшлі 2,49 праміле алкаголю, а таксама лекавы прэпарат з седатыўным дзеяннем.

На яго завялі крымінальную справу за супраціў супрацоўнікам міліцыі з ужываннем гвалту. Да суда ён знаходзіўся пад вартай.

У судзе мужчына прызнаў віну і растлумачыў, што ў той дзень быў у адпачынку, выпіў і вырашыў паехаць з сынам да бабулі. Ён таксама прызнаў, што адмаўляўся ад праверкі, бо разумеў, які будзе вынік. Свае паводзіны растлумачыў алкагольным ап’яненнем і папрасіў прабачэння ў супрацоўнікаў ДАІ.

Інспектары атрымалі нязначныя траўмы, а ў судзе папрасілі не караць мужчыну занадта строга.

У выніку суд прызнаў мужчыну вінаватым і прысудзіў яму чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Таксама яго пазбавілі спецыяльнага звання маёра юстыцыі.

Сярод змякчальных абставін суд улічыў прызнанне віны, раскаянне і наяўнасць малалетняга дзіцяці. Аднак абцяжарвальнымі фактарамі сталі алкагольнае ап’яненне і парушэнне прысягі супрацоўніка Следчага камітэта.

Чытайце таксама:

У Бярозаўскім раёне міліцыя страляла па п'яным

П'яны бяспраўнік скраў фуру і ганяў на ёй па трасе. Затрымлівалі яго са зброяй

«Бл**зь, дапамажыце мне нах**, Аляксандр Рыгоравіч!» Бабруйчанін пад прымусам жонкі запісаў мемны зварот да Лукашэнкі

Двое п'яных ехалі на адной машыне, і праблемы сабе здабыў не толькі кіроўца

Каментары да артыкула