БЕЛ Ł РУС

Беларуска просіць чыгунку зрабіць жаночыя купэ — яна нарвалася ў дарозе на сэксуальна заклапочанага мужчыну

4.04.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Беларуска Настасся прапануе кіраўніцтву Беларускай чыгункі дадаць опцыю набываць квіткі ў выключна жаночых купэ ці даць магчымасць загадзя разумець, людзі якога полу ўжо выкупілі месца побач з табой у вагоне.

«Хочацца разумець наступствы», — аргументуе яна, расказваючы, што 30 сакавіка на цягніку Гомель-Брэст трапіла ў купэ з 65‑гадовым мужчынам, які паводзіў сябе неадэкватна. «Гэта ненармальна заводзіць тэмы сэксуальнага характару з намёкамі пра тое, што можна было б сэксам заняцца. І тое, што я маўчала, не значыла, што я да гэтага добра стаўлюся — я перажывала за сваю бяспеку».

Настасся. Фота: тыкток @capitoshka01

Разам з Настассяй у купэ ехала яшчэ адна жанчына са сваімі непаўналетнімі сынамі. Па словах дзяўчыны, спадарожніка панесла настолькі, што ён пачаў дзяліцца сваімі сэксуальнымі рэкордамі і даводзіць уголас, што інцэст — гэта норма.

«Я была ў шоку, што яму было абсалютна пляваць, што побач маленькія дзеці. Ніхто не мог нам дапамагчы, таму ён сядзеў і карыстаўся гэтым».

У каментарах дзяўчыне задаюць пытанне, чаму яна адразу не паскардзілася на суседа па купэ праваднікам, якія маглі б прыняць меры — у тым ліку перасадзіць мужчыну ў іншае купе ці зусім высадзіць з цягніка ў выпадку абвастрэння сітуацыі. Настасся тлумачыць свае паводзіны страхам.

Яна думае, што многія баяцца нарвацца на канфлікт у падобных сітуацыях, таму, на погляд Настассі, магчымасць выбару выключна жаночага купэ магло б стаць рашэннем праблемы. 

Жанчыны ў каментарах, з большага, салідарныя з Настассяй, а вось мужчыны не разумеюць, чаму яна не абараніла сябе ці не паклікала кагосьці, каб непрыемнаму спадарожніку «далі ляшча» ў мэтах выхавання.

«Ці можна было б весці рэйтынг пасажыраў. Набралася пару скаргаў — і ты ўжо не можаш катацца ў грамадскім транспарце», — прапанавалі яшчэ адно цывілізаванае развязанне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула