БЕЛ Ł РУС

У Кёльне нарэшце змаглі ўручыць позву баснійцу, якога не могуць дэпартаваць 23 гады

3.04.2026 / 14:44

Nashaniva.com

Мужчына жыве ў краіне з жонкай і васьмю дзецьмі і атрымлівае сацыяльныя выплаты — каля 7250 еўра ў месяц.

Кёльн. Фота: Bernhard Lang / Getty Images

У Кёльне 7 мая павінен пачацца суд над 42‑гадовым выхадцам з Босніі Хуcа Б., якога абвінавачваюць у махлярстве. Працэс планавалі яшчэ на снежань, але ён сарваўся: позву не змаглі ўручыць па месцы пражывання ў інтэрнаце для бежанцаў. Пры гэтым лісты з цэнтра занятасці сям’і даходзілі, у тым ліку паведамленні пра выплаты на дзяцей, піша Bild.

Следства лічыць, што мужчына ў трох выпадках падмануў адну з папулярных гандлёвых сетак на суму ў некалькі тысяч еўра. Ён адмаўляе абвінавачанні праз адваката. Раней Хуса Б. падазравалі ў 147 правапарушэннях, а выслаць з Германіі яго павінны былі яшчэ 23 гады таму.

Мужчына жыве ў краіне з жонкай і васьмю дзецьмі і атрымлівае сацыяльныя выплаты — каля 7250 еўра ў месяц. Нядаўна сям’і дадаткова ўхвалілі выплаты на траіх дзяцей — яшчэ больш за дзве тысячы еўра.

У 2022 годзе сям’ю ўключылі ў праграму «Перспектывы знаходжання», нягледзячы на ранейшыя судзімасці.

Нават у выпадку абвінаваўчага прысуду дэпартацыя Хуса Б. не пагражае: з-за васьмі дзяцей ён можа застацца ў Германіі па гуманітарных падставах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула