Сілавікі заняліся заснавальнікамі дабрачыннага фонду «Цуд дзецям». Сцвярджаюць, што яны махляры
Як сцвярджаюць следчыя, у 2024 годзе чацвёра іншаземцаў стварылі ў Беларусі арганізацыю, якая афіцыйна займалася зборам грошай для дапамогі цяжкахворым дзецям. Аднак фактычна гэта выкарыстоўвалася як прыкрыццё для незаконнай дзейнасці.
Скрыншот з відэа
Да збору ахвяраванняў залучылі больш як 120 падлеткаў ва ўзросце 14—16 гадоў. Яны працавалі на вуліцах у розных абласных гарадах (Гродне, Брэсце, Віцебску, Гомелі) і збіралі грошы ў якасці «валанцёраў».
Але, як сцвярджаюць сілавікі, толькі каля дзясятай часткі сабраных сродкаў сапраўды ішла на заяўленыя мэты. Астатнія грошы — прыкладна 400 тысяч рублёў — арганізатары вывезлі за мяжу і выкарыстоўвалі для ўласных патрэб. Пры гэтым ёсць падазрэнні, што рэальная сума можа быць яшчэ большай.
Падчас праверкі ў фігурантаў канфіскавалі камп’ютарную тэхніку, дакументы і частку грошай.
Па гэтым факце завялі крымінальную справу за махлярства. Падазраваным пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Фонд «Цуд дзецям» быў зарэгістраваны ў Мінску ў 2024 годзе. Яго заснавальнікамі пазначаны Эрнест Іваноў і Давыд Сычоў, а кіраўніком — Аляксей Лучшаў. На гэты момант затрыманы толькі адзін з падазраваных. Астатнія фігуранты справы знаходзяцца за межамі Беларусі.
Чытайце таксама:
Улады патлумачылі, чаму ліквідавалі арганізацыю «КіндэрВіта», якая дапамагала дзецям, хворым на рак
Ліквідавалі фонд «КіндэрВіта», які дапамагаў дзецям з анкалагічнымі захворваннямі