«70 заказаў на дзень». Беларуска выпякае ў Варшаве велікодныя булкі, якія здзіўляюць палякаў
Перад Вялікаднем у Валерыі на сон застаецца ўсяго некалькі гадзін. Увесь астатні час яна пячэ булкі на замову беларусаў і ўкраінцаў Варшавы. Рэч у тым, што ў Польшчы на Вялікдзень прынята есці «бабку» — формай і тэкстурай яна падобная да кекса, — але эмігранты сумуюць па звыклай выпечцы. Праўда, і тут Валерыя не можа ўтрымацца ад эксперыментаў: яе булкі шчодра запоўненыя шакаладнай карамеллю і вішнёвым джэмам. Беларуска расказала выданню Most, як гэта — выпякаць па 70 булак на дзень і што пра яе выпечку думаюць палякі.
Валерыя. Фота з яе архіва
«Тата цягнуў на сабе 11 кілаграмаў мармуровай пліты для шакаладу»
Кандытарскай справай Валерыя захапілася ў 11‑м класе — тады яна ўпершыню спякла шарлотку і зразумела, што гэты занятак ёй да душы. Праўда, вучыцца пайшла на фельчара-акушэра, а пякла ў якасці хобі.
«Бацькі мяне вельмі падтрымлівалі. Мама сваімі рукамі майстравала кардонныя каробачкі для маіх дэсертаў. А аднойчы мы паехалі ў Кіеў — я хацела купіць там мармуровую паверхню, на якой тэмперуюць шакалад. Тата цягнуў на сабе 11 кілаграмаў гэтай пліты ў метро, толькі каб я займалася», — узгадвае беларуска.
Фота з архіва Валерыі
У медыцыне Валерыя прапрацавала тры гады, але пасля ўсё ж такі цалкам сышла ў кандытары — стала пячы вырабы на заказ. Кар'еру пачынала ў Мінску — была шэф-кандытаркай у адной з устаноў. А эміграваўшы ў Варшаву, пачала шукаць працу ў той жа сферы.
«Спачатку я папрацавала ў рэстаране [вядомай рэстаратаркі і тэлевядучай] Магды Геслер, а потым уладкавалася шэф-кандытаркай у беларускую ўстанову. Але ў выніку сышла з найму», — расказвае дзяўчына.
«Смак — адзін са спосабаў пазнання свету, як зрок ці слых»
Паводле назіранняў Валерыі, традыцыі выпечкі і дэсертаў у Беларусі і Польшчы вельмі розняцца.
«Для нас безэ «Паўлава» — занадта прытарнае, палякам жа яно вельмі падабаецца. Тут любяць салодкія і тварожныя дэсерты. Мы ўсё ж такі аддаем перавагу эксперыментам у смаках, незвычайным тэкстурам. Я лічу, што смак — адзін са спосабаў пазнання свету, як зрок ці слых. Таму я заўсёды за тое, каб прапаноўваць людзям тое, чаго яны ніколі не каштавалі».
Пераехаўшы ў Польшчу, Валерыя не стала падстройвацца пад мясцовыя густы, захаваўшы любоў да эксперыментаў. І аказалася, што некаторыя польскія кліенты адкрытыя да незвычайных спалучэнняў, напрыклад пірожных «макарон» з сырам бры і ягадамі.
Фота з архіва Валерыі
«Вырашыла прапанаваць нашу звычайную булку — попыт быў вельмі вялікім»
Да Вялікадня Валерыя выпякае велікодныя булкі. Традыцыйныя, як прынята ў Беларусі і Украіне, якіх у Польшчы амаль не сустрэнеш. У гэтай краіне прадаюць у асноўным «бабку» — па цесце і форме гэта звыклы беларусам кекс.
«Таму я вырашыла прапанаваць людзям нашу звычайную булку — попыт сярод беларусаў і ўкраінцаў быў вельмі вялікім».
Спачатку Валерыя рабіла класічныя булкі — без начынкі, а таксама з ваніллю і шакаладам. А на наступны год і тут вырашыла паэксперыментаваць — так з'явілася булка з вішняй, макам і мерэнгай, а яшчэ — з апельсінам і шакаладам.
Фота з архіва Валерыі
«Пішуць, што гэта не велікодная булка»
Начынкі ў булкі Валерыя не шкадуе, хоць часам на яе за гэта сварацца.
«Пішуць, што гэта не велікодная булка. Бо сапраўдная булка павінна быць выключна з разынкамі і глазурай зверху. Але заказаў і станоўчых водгукаў так шмат, што, мне здаецца, я на правільным шляху. Мне падабаецца пераасэнсоўваць класіку: раптам, калі дадаць у выпечку новую дэталь, смак стане толькі лепшым», — разважае дзяўчына.
Да незвычайных булак з цікавасцю паставіліся і палякі — аматары дражджавой выпечкі.
«А вось у чым мы падобныя ў густах — дык гэта макавы рулет, які палякі традыцыйна выпякаюць і да Калядаў, і да Вялікадня. У рулет кладуць шмат маку, а таксама дадаюць разынкі і цукаты», — расказвае Валерыя.
«Булку трэба хутка спячы і з'есці»
Булкі да Вялікадня Валерыя выпякае адна. Звычайна ёй даводзіцца рабіць мінімум 50 вырабаў. Працэс гэты працаёмкі. Спачатку дражджавому цесту трэба пастаяць і падняцца. Паралельна трэба прыгатаваць начынку і крэмы, а затым выпечы вырабы і зрабіць дэкор.
«У мяне не выходзіць узяць больш за 70 заказаў на дзень, таму што булка — гэта выраб, які трэба хутка спячы і аддаць заказчыку, каб ён адразу яго з'еў. Бо такія булачкі смачныя, пакуль свежыя. Таму напярэдадні Вялікадня я працую па начах, на сон застаецца ўсяго пару гадзін».
У працы Валерыю падтрымлівае муж: закупляе 20‑кілаграмовыя пакеты мукі і дапамагае развозіць заказы па Варшаве.
«І сочыць, каб я сама паела», — смяецца Валерыя.
Валерыя са сваёй работай. Фота з яе архіва
У жыцці з дыябетам кандытарская справа нават дапамагла
З пяці гадоў беларуска жыве з цукровым дыябетам першага тыпу, яна мае патрэбу ў ін’екцыях інсуліну. Па начах ногі можа зводзіць сутаргамі, а рамяство, якое абрала Валерыя, патрабуе праводзіць стоячы шмат гадзін.
«У пэўным плане кандытарская справа мне нават дапамагла: калі раней я магла патаемна ад бацькоў бескантрольна есці салодкае, то цяпер каштую дэсерты выключна з прафесійнай цікавасці».
Фота з архіва Валерыі
Ужо за тыдзень да каталіцкага Вялікадня ўсе замовы на булкі ў Валерыі былі распісаныя.
«Гэты час патрабуе вельмі шмат сіл і часам паглынае цябе цалкам. Але я так люблю кандытарку: калі ты чымсьці гарыш, то хочаш імкнуцца да большага», — усміхаецца яна.
Чытайце таксама:
Беларускае тэлебачанне пакажа велікодныя каталіцкія набажэнствы
Беларусаў Вільні і Варшавы запрашаюць на велікодныя канцэрты
Стаў вядомы расклад літургій на Вялікдзень у беларускіх супольнасцях Польшчы
Пахаладала перад Вялікаднем? Жыдоўскія кучкі! Аказваецца, у гэтай з'явы ёсць навуковае тлумачэнне