БЕЛ Ł РУС

Да балтыйскага ўзбярэжжа Германіі прыплыў гарбаты кіт і сеў на мель. Яго тыдзень спрабавалі ўратаваць, але не змаглі

4.04.2026 / 22:21

Nashaniva.com

У Балтыйскім моры каля ўзбярэжжа Германіі амаль падышла да заканчэння трагічная гісторыя з гарбатым кітом, якога не ўдалося выратаваць. Жывёліна села на мель каля пляжу Ніндорф недалёка ад горада Любека. З-за адліву кіт аказаўся фактычна адрэзаны ад глыбокай вады, а спробы адкрыць яму туды дарогу аказаліся марнымі.

Фота: STR / East News

Нямецкія службы спрабавалі дапамагчы жывёле: выкарыстоўвалі цяжкую тэхніку, каб паглыбіць дно і даць кіту магчымасць выплыць. Некалькі разоў гэта нават атрымлівалася, але кіт зноў і зноў вяртаўся на водмель.

Дадатковай праблемай стала тое, што Балтыйскае мора значна менш салёнае, чым акіян, і такая вада шкодзіць арганізму кіта, аслабляе яго і выклікае пашкоджанні скуры.

Урэшце спецыялісты вырашылі спыніць аперацыю, бо стан жывёлы моцна пагоршыўся. Яго дыханне стала нерэгулярным, а рэакцыя на людзей амаль знікла. Эксперты прызналі, што шанцаў на выратаванне практычна няма, а далейшыя спробы толькі павялічылі б пакуты кіта.

Вакол месца, дзе знаходзіцца кіт, плануюць стварыць ахоўную зону, каб не турбаваць яго. Пры гэтым улады адмовіліся ад ідэі прымусовага ўсыплення, бо гэта ў такіх умовах небяспечна і складана.

Спецыялісты адзначаюць, што дакладная прычына, чаму кіт трапіў у Балтыйскае мора, невядомая. Але вядома, што гэта не натуральнае асяроддзе для такіх жывёл: мора гэта занадта мелкае і маласалёнае.

Акрамя таго, высветлілася, што кіт быў аслаблены яшчэ да гэтага — ён заблытаўся ў рыбалоўных сетках. У ягонай пашчы знайшлі іх рэшткі, што магло перашкаджаць яму харчавацца. Гэта яшчэ больш знізіла шанцы жывёліны на выжыванне.

Чытайце таксама:

Хлопец, якога заглынуў кіт, расказаў, як яму ўдалося выжыць

Ля берагоў Чылі гарбаты кіт праглынуў рыбака, што плаваў у акіяне, а потым выплюнуў яго

Нарвежскі рыбак знайшоў у моры паветраны шар. Высветлілася, што так раздзьмула кіта

Каментары да артыкула