БЕЛ Ł РУС

Ад гародніны і рыбы да насення і мёду. У Мінску пачаў працу вясновы кірмаш

4.04.2026 / 22:46

Nashaniva.com

4 красавіка каля «Чыжоўка-Арэны» ў Мінску разгарнуўся вясновы кірмаш. Сталічныя і рэгіянальныя прадаўцы прапануюць наведвальнікам не толькі вялікі асартымент агародніны, так званы набор для баршчу, але і садавіну, і мясную вяндліну, і хлебныя вырабы, а таксама саджанцы і насенне для саду і агарода, піша «Звязда».

Шырэй за ўсё прадстаўленыя бульба, розныя мясныя вырабы і яблыкі.

Тыповы «набор для баршчу» (капуста + цыбуля + бульба і буракі) сумарна будзе каштаваць ад 4 да 10 рублёў — інгрэдыенты прапануюць у сярэднім ад 2‑3 рублёў, хоць, прайшоўшы па радах, можна знайсці і танней — усяго па рублі. Да баршчу прапануюць і розныя мясцовыя хлябы. У сярэднім за кілаграм або палову вялікай нарэзанай буханкі чорнага хлеба просяць дзесяць рублёў.

На дэсерт можна ўзяць вітамінаў: яблыкі карыстаюцца вялікім попытам, іх прапануюць па 4 рублі за кілаграм, больш даўгавечная версія ў выглядзе сухафруктаў будзе каштаваць ужо 8 рублёў.

Аматарам салодкага прыйдзецца заплаціць даражэй за ўсё — мёд прапануюць за 20‑35 рублёў за кілаграм. Раннія цяплічныя або замежныя клубніцы абыдуцца па 20 рублёў.

Вялікая чарга перад прылаўкам з арэхавымі наборамі і сухафруктамі. Прадавец аддае пражаны арахіс па 9 рублёў за кіло. Кампотная сумесь сухафруктаў абыдзецца крыху танней, усяго па 6 рублёў.

Вяндліну прапануюць у дыяпазоне ад 25 да 40 рублёў за кілаграм, у залежнасці ад таго, што ўзяць — сала, каўбасу ці паляндвіцу.

Для аматараў рыбы прадаўцы гатовыя прапанаваць яе сушаную і жывую. Напрыклад, жывога карпа прапануюць у раёне 6,95 — 7,50 рубля, у залежнасці ад памеру. Танней за ўсё можна ўзяць жывога таўсталобіка — усяго па 6,07 рубля.

Яйкі бяруць оптам, па 2‑3 упакоўкі. За дзясятак просяць па 2‑4 рублі, у залежнасці ад катэгорыі.

Дачнікаў парадуе вялікі выбар саджанцаў і расады кветак. Тут лідарамі прапановы выступаюць парэчкі, буякі і класічныя дачныя фіялкі. Цыбуля-сявок прадаецца па 10‑12 рублёў.

Такі вясновы кірмаш праходзіць у сталіцы ўпершыню пасля зімы. Зрабіць пакупкі можна ў выхадныя дні красавіка з 8 да 16 гадзін. Падобныя кірмашы плануюць маштабаваць і на іншыя раёны Мінска.

Чытайце таксама:

Сезон вясновых кірмашоў стартуе ў Мінску 28 сакавіка

Бананы па 35 рублёў і буракі за 15: што і колькі каштуе на Камароўцы

На Камароўцы значна зменшыліся цэны на клубніцы і персікі

«Ваша звычка есці макароны як гарнір…» Што шакуе італьянца ў Беларусі

Каментары да артыкула