Пазняк назваў, кіраўніцтва якой краіны самае варожае для Беларусі пасля Расіі
«І Лукашэнка тут ні пры чым».
Зянон Пазняк. Фота: Наша Ніва
Ветэран беларускага руху Зянон Пазняк піша, што па ступені варожасці да Беларусі на першым месцы, «зразумела, стаіць расійская палітыка». Але на другім, на яго думку, — «сучаснае кіраўніцтва Летувы».
«Яно настолькі аддана выконвае брусельска-нямецкія пажаданні супраць Беларусі, што дзіву даешся. Еўропа (асабліва Германія) заўсёды выкарыстоўвала прыбалтыйскія краіны ў сваіх інтарэсах, і «прыбалтам» не было куды падзецца (як і цяпер)», — піша ён.
Але цяпер ёсць Амерыка, сучасная адміністрацыя якой, паводле Пазняка, «адэкватна разумее геапалітычную ролю Беларусі ў Еўропе, і кіроўнаму істэблішменту сучаснага кіраўніцтва Летувы падказалі, што трэба рабіць у дачыненні да Беларусі і чаго не трэба рабіць», — зазначае ён.
Палітык піша, што літоўскія палітыкі «да гэтага часу рабілі памылку ў дачыненні да беларускай незалежнай дэмакратыі». Што гэта, ён не тлумачыць.
Ён абяцае пазней расказаць пра рэальныя прычыны напружаных адносін Літвы з Беларуссю. «І Лукашэнка тут ні пры чым», — заяўляе ён.