«Адкрыйце гэты чортавы праліў, шалёныя вырадкі!» Трамп анансаваў пекла ў Іране ўжо ў гэты аўторак
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, выглядае, згубіў цярпенне. Ён выступіў з ультыматыўнай пагрозай у адрас Тэгерана, анансаваўшы маштабную ваенную аперацыю.
«Адкрыйце гэты чортаў праліў, шалёныя вырадкі, альбо вы будзеце жыць у Пекле!» — напісаў Трамп.
Прэзідэнт ЗША паабяцаў, што ў аўторак у Іране будзе «нешта».
«У аўторак у Іране будзе «Дзень электрастанцый» і «Дзень мастоў» — усё ў адным. Нічога падобнага яшчэ не было!!! Адкрыйце гэты чортавы праліў, шалёныя вырадкі», альбо вы будзеце жыць у Пекле — проста глядзіце! Хвала Аллаху!» — напісаў ён.
Да пачатку вайны ЗША і Ізраіля з Іранам (28 лютага) праз Армузскі праліў праходзіла каля пятай часткі сусветных паставак нафты. З пачаткам вайны Іран фактычна закрыў праход праз праліў. У канцы сакавіка Іран заявіў, што «варожым» краінам будзе і далей забаронена карыстацца пралівам.
Першы раз Трамп даваў Ірану 48 гадзін на адкрыццё Армузскага праліву 21 сакавіка. Тады ён заявіў, што пасля заканчэння гэтага тэрміну ЗША знішчаць найбуйнейшыя электрастанцыі Ірана.