У Беларусі ўпершыню прайшоў чэмпіянат па выдаленні ўвагнутасцей з аўто
Тэхналогія бесфарбавальнага выдалення ўвагнутасцяў (PDR) стала для аўтамабілістаў сапраўдным выратаваннем. Дзякуючы ёй больш не трэба шпакляваць і фарбаваць лёгкія пашкоджанні кузава.
У Мінску прайшоў першы ў гісторыі краіны міжнародны чэмпіянат па бесфарбавальным выдаленні ўвагнутасцей — Belarus PDR Technology 2026, піша abw.by.
Два дні 48 майстроў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Узбекістана і Эстоніі змагаліся за тытул найлепшага, ператвараючы пабітыя дэталі патрыманых красовераў BELGEE X70 у ідэальна гладкія паверхні.
Сутнасць тэхналогіі PDR нагадвае магію: майстры не выкарыстоўваюць ні шпаклёўку, ні фарбу — толькі спецыяльныя кручкі, клеявыя сістэмы і сваё майстэрства.
Гэта не толькі захоўвае заводскае пакрыццё (што вельмі важна пры продажы аўто), але і дазваляе выпраўляць нават велізарныя метровыя пашкоджанні.
На турніры журы ацэньвала кожную дробязь: ад захавання тэкстуры лаку да адсутнасці найменшых дэфектаў на дзвярах і капотах.
Беларускія спецыялісты паказалі ўзровень, забраўшы два прызавыя месцы з трох. Срэбра заваяваў Васіль Патрашэнка з Брэста, а бронзу — мінчук Мікіта Бусыгін. Перамога ж дасталася Марку Блінцову з расійскага Зеленаграда.
Дарэчы, усе машыны BELGEE, на якіх трэніраваліся ўдзельнікі, вярнуліся ўладальніку ў стане новых — адрозніць іх ад тых, што толькі з канвеера, цяпер цяжка.
Арганізатары адзначаюць, што попыт на такі ювелірны рамонт у Беларусі расце: у краіне ўжо працуе больш за сотню прафесіяналаў, здольных вярнуць машыне бляск за разумныя грошы. Чэмпіянат плануюць зрабіць штогадовым.