«Любімая газета Пуціна» апублікавала «інтэрв’ю з духам Жырыноўскага»
Адзін з самых тыражных расійскіх таблоідаў «Комсомольская правда», якую чытае і называе «любімым» выданнем Уладзімір Пуцін, апублікавала пасмяротнае «інтэрв’ю з Уладзімірам Жырыноўскім». Яго спыталі, калі скончыцца «СВА», піша «Агентство».
Для стасункаў з духам палітыка газета прыцягнула экстрасэнсаў Ганну Пячуеву і Ганну Ільіну.
Для правядзення сеанса спірытызму для нататкі з плашкай «Эксклюзіў» экстрасэнсы спалілі ў рэдакцыі газеты купюру ў сто расійскіх рублёў (3,5 беларускага рубля).
Пасля гэтага медыум паведаміла, што Жырыноўскі «прыйшоў» і сказаў, што ў «Комсомольской правды» ўсё «будзе добра».
Згодна з публікацыяй, дух Жырыноўскага прадказаў хуткае завяршэнне вайны ва Украіне: «У гэтым годзе, увосень, сядуць і дамовяцца. Але страляць там будуць яшчэ доўга, увесь 2027 дакладна, зачысткі будуць».
Таксама палітык, як гаворыцца ў матэрыяле, выказаў шкадаванне, што яго «няма», бо ён «таксама хацеў паўдзельнічаць».
«Тры Вовы, кажа, было напачатку. А застанецца ў выніку адзін, — цытуе газета Пячуеву. — Мабыць, Пуцін, ён і Зяленскі, — расшыфроўвае пасланні з таго свету медыум. — І кажа, што Зяленскі таксама сыдзе. Ну, памрэ». Украіну, паводле слоў «Жырыноўскага», «падзеляць як пірог», ЗША распадуцца на незалежныя дзяржавы, а на Дональда Трампа будзе здзейснены замах.
«Спадзяемся, амерыканскі прэзідэнт прачытае «Комсомолку» і будзе асцярожны», — каментуе газета.
Таксама дух Жырыноўскага, як пераказвае газета, параіў расіянам садзіць бульбу і прадказаў няўстойлівую эканамічную сітуацыю ў краіне.
Спытала газета «Жырыноўскага» і пра вайну на Блізкім Усходзе. Дух адказаў, што там сітуацыя «можа дайсці і да ядзернай зброі», Ізраіль «могуць наогул сцерці з твару Зямлі», а ў Расію «пабяжыць куча бежанцаў з Блізкага Усходу».
Уладзімір Жырыноўскі памёр 6 красавіка 2022 года. ЛДПР, якую ён узначальваў, да гэтага часу выкарыстоўвае яго вобраз у піяры. У сацсетках, асабліва актыўна ў праўладных акаўнтах, ходзіць нямала архіўных відэа з палітыкам, якія ў пастах называюцца прарочымі.