Людзі з кожным годам размаўляюць усё менш — і гэта бяда
Паводле новага даследавання, нашы штодзённыя размовы становяцца карацейшымі. Сёння мы прамаўляем прыкладна на 20% менш слоў, чым 20 гадоў таму. Найбольш выразны спад зафіксаваны сярод прадстаўнікоў пакалення Z.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: LookByMedia
Амерыканскія даследчыкі прааналізавалі тысячы аўдыязапісаў паўсядзённых размоў 2197 чалавек ва ўзросце ад 10 да 90 гадоў з розных краін. Набор даных ахопліваў 22 даследаванні, праведзеныя на працягу 2005—2019 гадоў. Пра вынікі паведамляе выданне Daily Mail.
Калі ў 2007 годзе людзі ў сярэднім вымаўлялі 15 959 слоў на дзень, то ў 2019 годзе — толькі 12 792, што сведчыць пра 20‑працэнтнае зніжэнне. Далейшы аналіз паказаў, што да 2019 года колькасць прамоўленых слоў штогод змяншалася ў сярэднім на 338 у дзень, што эквівалентна прыкладна 120 000 слоў за год.
Асабліва рэзкае скарачэнне назіраецца ў людзей, маладзейшых за 25 гадоў, — яны страчвалі словы прыкладна на 44% хутчэй, чым старэйшыя.
Навукоўцы мяркуюць, што прычынай гэтага можа быць павелічэнне колькасці электронных лістоў, тэкставых паведамленняў і сацыяльных сетак, але адзначаюць, што існуюць і іншыя, пакуль невытлумачальныя фактары.
Аўтары звяртаюць увагу на тое, што вусныя размовы маюць асаблівасці, якія пісьмовая камунікацыя не заўсёды здольная перадаць. Важную ролю адыгрываюць інтанацыя, тэмп маўлення, эмацыйныя сігналы і непасрэдная зваротная рэакцыя суразмоўцы. Ці забяспечвае перапіска тыя ж сацыяльныя перавагі, што і жывыя гутаркі, застаецца адкрытым пытаннем, і будучыя даследаванні павінны даць на яго адказ.
Даследчыкі падкрэсліваюць: гаворка ідзе не проста пра словы, а пра размовы, якіх больш не адбываецца — як працяглых, так і зусім кароткіх. Нават дадатковыя 300 слоў у дзень могуць азначаць простую размову з суседам ці жарт у коле блізкіх — і такім чынам дапамагаць зніжаць узровень адзіноты.
Навукоўцы заўважаюць: калі людзі гавораць менш, яны менш узаемадзейнічаюць адзін з адным. Гэта выклікае трывогу, бо сучаснае грамадства ўжо сутыкаецца з эпідэміяй адзіноты і сацыяльнай ізаляцыі.
«Мы выкарыстоўваем усё менш вусных слоў, асабліва моладзь. Рэч не толькі ў лічбавых тэхналогіях. Сацыяльныя сувязі таксама змяняюцца. У нас стала менш асабістых кантактаў. Але нам неабходны кантакт «вочы ў вочы». Сутнасць жыцця — у зносінах, і гэта карысна для нашага псіхалагічнага здароўя», — цытуе выданне словы прафесара псіхалогіі Манчэстэрскага ўніверсітэта Кэры Купера.
На яго думку, тэндэнцыя выглядае трывожнай: у будучыні маладыя людзі могуць мець яшчэ меншы слоўнікавы запас, а значную частку функцый мыслення і творчасці будуць перадаваць штучнаму інтэлекту.
Чытайце таксама:
Навукоўцы не выявілі сувязі паміж выкарыстаннем сацыяльных сетак і псіхічнымі праблемамі